У Польшчы будзе суд за выкарыстанне рабскай працы беларусаў і украінцаў
У Польшчы распачынаецца судовы працэс па справе аб выкарыстанні рабскай працы беларусаў і ўкраінцаў. Як вынікае з матэрыялаў справы, двое абвінавачаных ад ліпеня 2015 да кастрычніка 2016 года наймалі замежнікаў на працу ў грамадскім харчаванні ды ўтрымлівалі іх у цяжкіх умовах.
Барыс С. і Міраслаў К. — арганізатары злачыннай схемы — карысталіся крытычным фінансавым становішчам людзей, вербавалі іх у Беларусі і ва Украіне, а затым прывозілі іх у Польшчу, абяцаючы надзейную працу з высокай аплатай.
Замежнікі, не знаёмыя з польскім працоўным заканадаўствамі, былі вымушаныя працаваць ва ўстановах грамадскага харчавання ў Варшаве па 350 гадзінаў на месяц. Праз шматлікія “штрафы”, заробак яны атрымлівалі не своечасова і не ў поўным аб’ёме. Пры гэтым людзі баяліся звяртацца ў праваахоўныя органы, каб не страціць ужо заробленыя грошы.
На беларусаў і ўкраінцаў чынілі і псіхалагічны ціск. Некаторых прымушалі даваць распіскі аб атрыманні грошай у пазыку, чым яшчэ болей заганялі ў фінансавую залежнасць. Людзі жылі ў гатэлях для рабочых і на прыватных кватэрах на тэрыторыі Варшавы, арандаваных арганізатарамі злачыннай схемы. Жыллёвыя ўмовы ў гэтых памяшканнях следчыя назвалі “скандальнымі”. Акрамя таго, жыццё работнікаў было пад поўным кантролем гандляроў людзьмі.
Падазраваны, Барыс С., прызнаў цалкам віну і патлумачыў схему, паводле якой працавала арганізацыя. Ён пачаў працу ў рэстарацыі Міраслава К. у 2015 годзе спачатку як звычайны рабочы. Потым Міраслаў К. прапанаваў яму пасаду “наглядчыка” над іншымі рабочымі. Сам Міраслаў не прызнае віну.
Арганізатарам пагражае да 15 гадоў зняволення, паведамляе Радыё Свабода.