У Польшчы скандал з пераследам салдат за стрэлы на мяжы з Беларуссю

На польска-беларускай мяжы

На польска-беларускай мяжы / pap.pl

У Польшчы скандал з пераследам трох салдат за папераджальныя стрэлы на мяжы з Беларуссю. Інцыдэнт адбыўся ў канцы сакавіка ў раёне Дубіч-Царкоўных. Праз мяжу з РБ перайшло каля паўсотні мігрантаў. Каб іх спыніць, польскія вайскоўцы і зрабілі папераджальныя стрэлы ў паветра, а пасля — ў зямлю перад парушальнікамі, якія набліжаліся (агулам — 43 стрэлы, некаторыя кулі рыкашэтам трапілі ў плот на мяжы). У выніку мігранты вярнуліся ў Беларусь.

Ваенная жандрмерыя, якая атрымала інфармацыю пра здарэнне ад памежнікаў, затрымлівала вайскоўцаў, іх адхілілі ад службы. Цяпер яны на свабодзе, але расследаванне працягваецца. Дваім з іх выставілі абвінавачванне ў "перавышэнні паўнамоцтваў" і "стварэнні небяспекі для жыцця іншых людзей".

Міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск рэзка раскрытыкавалі пераслед вайскоўцаў. Міністр напісаў, што "салдаты, якія ахоўваюць дзяржаўную бяспеку, павінны быць упэўненыя, што іх абараняюць прававыя працэдуры". Туск чакае хуткіх арганізацыйных, юрыдычных і кадравых рашэнняў. Чакаецца, што ў бліжэйшы час у Польшчы будзе заканадаўча ўрэгуляванае прымяненне зброі вайскоўцамі "ў адпаведнасці з бягучай сітуацыяй".

Захад ускладае адказнасць за міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС на рэжым Аляксандра Лукашэнкі. У Польшчы прызнаюць, што міграцыйны ціск на польскую мяжу падвоіўся, сярод вайскоўцаў ёсць параненыя. Варшава заявіла пра намер аднавіць буферную зону і ўмацаваць ахову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі