Мы на піку — Мінабароны Польшчы пра колькасць мігрантаў на мяжы

Мігранты кідаюць палкі ў афіцэраў памежнай службы Польшчы

Мігранты кідаюць палкі ў афіцэраў памежнай службы Польшчы / tvn24.pl

Міграцыйны ціск на польскую мяжу падвоіўся, заявіў у эфіры tvn24.pl намеснік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык. "Мы на піку. У нас каля 300 спробаў у дзень незаконна перасекчы мяжу, гэта значыць разбурыць загароду і пракрасціся ў Польшчу", — заявіў Томчык. У параўнанні з мінулым годам колькасць такіх спробаў, па яго словах, вырасла ў два разы. З пачатку года такім чаным перасекчы мяжу спрабавалі ўжо каля 17 тысяч мігрантаў.

Прадстаўнік польскага Мінабароны таксама адзначыў, што "структура гэтых людзей шмат у чым змянілася". Калі два гады таму, калі Аляксандр Лукашэнка наладзіў паток мігрантаў, гэта былі розныя людзі, то цяпер гэта мужчыны, якія гатовыя нападаць на польскіх памежнікаў. Томчык настойвае, што Польшча мае справу з гібрыдным нападам Беларусі і Расіі. Цяперашнія мігранты, якія штурмуюць мяжу — "гэта людзі, якія на 90 адсоткаў маюць расійскія візы і якіх завозяць туды арганізавана, але не кантрабандысты, а дзяржава", — адзначыў Томчык. Ён нагадаў пра выпадкі, калі замежнікаў, якія не здолелі пераадолець беларуска-польскую мяжу, перапраўлялі на мяжу з Літвой ці Фінляндыяй.

Нагадаем, на мінулым тыдні на беларуска-польскай мяжы быў паранены вайсковец. Пасля гэтага Варшава заявіла пра намер аднавіць буферную зону. Яна павінна была з'явіцца 4 чэрвеня, але яе ўвядзенне адклалі на некалькі дзён. Томчык адзначыў, што буферная зона будзе стварацца не ўздоўж усёй мяжы з Беларуссю, а на найбольш напружаных участках. Яна ахопіць некалькі дзясяткаў кіламетраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі