У праваслаўных вернікаў сёння Вербніца

Праваслаўныя вернікі сёння адзначаюць Уваход Госпада ў Ерусалім — гэтае свята болей вядомае як Вербная нядзеля. Свята адзначаецца ў памяць пра момант з’яўлення Ісуса Хрыста ў Ерусаліме, жыхары якога, згодна з Евангеллем, сустракалі яго як каралеўскую асобу. Паводле Святога Пісання, людзі віталі Хрыста, несучы пальмовыя галінкі, якія сталі атрыбутам свята. Пазней іх замянілі на вярбу, якая дадаткова сімвалізуе вясну і абуджэнне прыроды ад зімовага сну.

Згодна з трактоўкай царквы, уваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім варта лічыць актам самаахвяравання за грэх свету, а таксама выкананнем прароцтва аб служэнні Хрыста.

У Вербную нядзелю вернікі прыносяць у храмы галінкі вярбы, асвячоныя напярэдадні, у часе вечаровай службы. У часе набажэнства яны стаяць з гэтымі галінкамі вярбы і запаленымі свечкамі. Пасля чытання Евангелля святары паўторна апырскваюць галінкі святой вадой.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі