У Пружанах Таварыства беларускай мовы аб’яднала хрысціянскія канфесіі
Для дзяцей католікаў, праваслаўных і пратэстантаў зладзілі “Свята беларускай ялінкі”. Яно прайшло ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.
На свята прыйшло каля ста чалавек — гэта найперш самі навучэнцы нядзельных школак пры касцёле, праваслаўнай царкве і царкве Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, а таксама іх бацькі, бабулі і дзядулі. Прычым дзеці кожнай канфесіі ладзілі свае праграмы, піша газета “Раённыя будні”.
Беларускамоўныя Дзед Мароз і Снягурка прыйшлі не з пустымі рукамі. 80 падарункаў дапамаглі купіць спонсары — мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі і арганізацыі.
Былі на дзіцячым свяце нават беларусы з-за акіяну — пружанцы, якія выехалі ў ЗША і цяпер гасцююць на Радзіме.
Фота — budni.by