У Расіі па справе аб "дыскрэдытацыі войска" выклікалі на допыт дзяцей
Матери вручили повестку на допрос для детей / SOTA
У Архангельскай вобласці (поўнач Расіі) следчыя выклікалі на допыт 9-гадовую дзяўчынку і 10-гадовага хлопчыка. Пра гэта са спасылкай на маці дзяцей, Лідзію Прудоўскую, паведамляе выданне Sota.
Дзяцей хочуць дапытаць у якасці сведкаў па крымінальнай справе супраць самой Прудоўскай. Яе падазраюць у "дыскрэдытацыі расійскага войска". Па словах жанчыны, 28 ліпеня следчы ўручыў ёй тры позвы: ёй самой як падазраванай, а яе дзецям як "сведкам". Некалькімі днямі раней яна атрымала копію пастановы суда аб ператрусе ў яе кватэры. Ператрус пакуль не праводзіўся.
Сям'я пражывае ў закрытым горадзе Мірны — каля яго знаходзіцца касмадром «Плясецк» і некалькі воінскіх часцей. Гэтая крымінальная справа па артыкуле аб "дыскрэдытацыі войска" стала ўжо шостай у рэгіёне, пра якую вядома грамадскасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.