У Расіі праз санкцыі могуць спыніцца друкарні

Да 90% абсталявання ў расійскіх друкарнях — гэта тэхніка з недружалюбных краін / ілюстрацыйнае фота printnewstv.ru
Да 90% абсталявання ў расійскіх друкарнях — гэта тэхніка з недружалюбных краін / ілюстрацыйнае фота printnewstv.ru

У Расіі могуць спыніцца друкарні — праз санкцыі вытворцы адмаўляюцца пастаўляць туды абсталяванне і запчасткі да іх. Пра гэта піша выданне "Ведомости" са спасылкай на топ-менеджараў друкарняў. Суразмоўцы агенцтва адзначылі, што тэхніка з недружалюбных краін у друкарнях складае каля 90%.

У Еўропе вырабляюцца друкаваныя, пераплётныя, ніткашвейныя, вечкаробныя (гэта тыя, што выкарыстоўваюцца для вырабу вокладак) машыны. Гэтую тэхніку ў Расію пастаўлялі з Германіі. Частка кампаній разарвала кантракты з расійскімі друкарнямі з уласнай ініцыятывы, частка — пасля ўвядзення ў красавіку чарговага пакета санкцый. "Пад санкцыі трапіла і б/у абсталяванне, у тым ліку друкаваныя машыны і лініі ўстаўкі цвёрдай вокладкі", — кажа прэзідэнт выдавецкай групы "Эксмо-АСТ" Алег Новікаў.

Пры гэтым для большай часткі паліграфічнай тэхнікі варыянт з паралельным імпартам працаваць не будзе, таму што ў кожнай друкаванай машыны ёсць свой серыйны нумар. "Многія камплектавальнікі — унікальныя і таксама маюць адпаведны каталогавы нумар. Гэта значыць, што вытворца па ім можа зразумець, што дэталь будзе ў выніку адпраўленая ў Расію, і забароніць пастаўку", тлумачаць спецыялісты. Пакуль, па іх словах, ёсць толькі адно выйсце — "разбіраць старыя машыны і карыстацца ўжыванымі запчасткамі, як у авіяцыі".

Не выключана, што з часам друкаваць кнігі і іншую паліграфію давядзецца за мяжой — у Кітаі, Індыі, Іране. Гэта прывядзе да падаражання кніг, рост цэнаў можа скласці да 20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі