У Расіі выканаўцу песні “Тапачкі” асудзілі на пяць гадоў калоніі

У Расіі да пяці гадоў калоніі асудзілі экс-кіраўніцу дэпартамента маёмасных адносінаў холдынга “Абаронсервіса” Яўгенію Васільеву. Яе прызналі вінаватай у махлярстве, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і шэрагу іншых злачынстваў, якія нанеслі вялізарную матэрыяльную шкоду дзяржаве. З Васільевай і іншых фігурантаў справы мяркуюць спагнаць 123 мільёны 570 тысяч расійскіх рублёў (болей за 2 мільёны долараў).  

Яўгенія Васільева ўзначальвала структуру расійскага Мінабароны ўсяго паўгода — з красавіка па верасень 2011 года. Пасля яна на некалькі месяцаў перайшла на іншую працу ў гэтым сілавым ведамстве, а ў пачатку 2012 года звольнілася і стала працаваць у будаўнічым бізнесе.

Ёй выставілі абвінавачанне па справе “Абаронсервіса” ў лістападзе 2012 года і змясцілі пад хатні арышт.

Першапачаткова абвінавачанне прасіла для Васільевай восем гадоў умоўнага тэрміну, але суд вынес іншае рашэнне — пяць гадоў калоніі. Зрэшты, у залік тэрміну зняволення пойдзе адбыты хатні арышт і ўжо ў канцы траўня асуджаная мае права хадайнічаць пра датэрмінова-ўмоўнае вызваленне, паведамляюць расійскія СМІ.

Знаходзячыся пад хатнім арыштам, Васільева займалася творчасцю: яна стала аўтаркай і выканаўцай песні “Тапачкі”. Кліп на гэты музычны твор з’явіўся ў інтэрнэце і набыў пэўную вядомасць.

Фота: Ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі