У Расію не пусцілі беларускую бульбу і буракі
У Смаленскую вобласць не пусцілі больш за 20 тон бульбы і буракоў з Беларусі.
7 жніўня спецыялісты Упраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях разам з міліцыянтамі спынілі спробу незаконнага ўвозу ў Расію падкаранціннай прадукцыі.
У Краснінскім раёне Смаленшчыны яны спынілі грузавік, які перавозіў гародніну, піша смаленская газета "Рабочий путь". Пры даглядзе грузу выявілася, што на бульбу і буракі няма дакументаў, якія пацвярджаюць іх бяспеку ў фітасанітарных адносінах.
Гародніну вярнулі адпраўніку. Акрамя таго, яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне патрабаванняў каранціну раслін.
Нагадаем, што Беларусь плануе сваімі пастаўкамі замяніць садавіну і гародніну з ЕС, ад якой адмовілася Расія.
Фота — rabochy-put.ru