У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба

У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба

“Ці ёсць нешта ў меню таннейшае за гарэлку!? — "Няма!" — з усмешкай і здзіўленнем адказвае супрацоўніца аднаго са сталічных піўных пабаў на Карла Маркса. — гарэлка ў нас 10 800, а хлеб — 25 тысяч… у нас хлебны кошык”.

Кошт на кавалак хлеба ў розных рэстаранах сягае да 5000. То бок замест чаркі гарэлкі можна набыць ад 2 да 10 хлебных лустаў у залежнасці ад месца.

Пастанова мінгандлю пра зніжэнне нацэнкі на беларускі алкаголь ва ўстановах грамадскага харчавання яшчэ не набрала моц. Афіцыйная публікацыя ў СМІ чакаецца. Але шмат якія рэстарацыі ды кавярні ўжо перапісалі меню. Цяпер сярэдні кошт на 50 грамаў гарэлкі ў цэнтры Мінска — 10 500 рублёў. Гэта амаль у два разы танней, чым тыдзень таму.

У меню шмат якіх рэстаранаў танней за 50 грамаў гарэлкі толькі 50 грамаў партвейну беларускага разліву, ён па кошце не дасягае і 10 тысяч рублёў.

“У нас яшчэ вяршкі менш каштуюць”, — з радасцю знаходзіць пазіцыю ў меню супрацоўнік яшчэ адной кавярні.

У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба
У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба

Натуральна, што патаннеў цяпер і каньяк беларускага разліву. Яго сярэдні кошт за чарку вагаецца каля 17 000, то бок танней чым чарка гарэлкі яшчэ тыдзень таму. А вось кошты на замежны алкаголь не змяніліся, таму такая разбежка смяшыць і пужае адначасова.

У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба
У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба
У рэстаранах Мінска танней за чарку гарэлкі толькі луста хлеба

Ужо “не пад запіс” адміністратары цэнтральных рэстаранаў амаль аднолькава разважаюць пра будучы адмоўны эфект для бізнесу — у кавярні пойдуць кліенты ў спартовых касцюмах.

“Гэтая пастанова знішчыць бізнес. У нас быў досвед, калі толькі адкрываліся, мы паставілі вельмі малую нацэнку на алкаголь, — дзеліцца кіраўнік невялічкага рэстарана ў цэнтры Мінска. — Не ведаю, адкуль яны ўзяліся, але кантынгент быў… самі разумееце. Таму мы вельмі хутка адмовіліся ад гэтай практыкі і за некалькі тыдняў працы з павялічанымі коштамі зарабілі нашмат больш. Разумееце, наведвальнік, які гатовы пакінуць нармальныя грошы, не пойдзе ў рэстаран, дзе за суседнім столікам глушаць гарэлку ўмоўна кажучы ў спартовых касцюмах. Таму не ведаю, што будзе далей…”

Нагадаем, мінгандлю зменшыў максімальную гандлёвую нацэнку на беларускі алкаголь у аб'ектах грамадскага харчавання. Цяпер яна не павінна перавышаць 60%. А днямі быў прыняты і новы асартыментны пералік для аб'ектаў грамадскага харчавання. Кавярні, бары і рэстараны ўсіх класаў павінны ўдвая павялічыць колькасць пазіцый па алкаголі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі