У розных гарадах Еўропы пройдуць акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім
25 верасня Алесю Бяляцкаму спаўняецца 62 гады
Заўтра ў Варшаве, Вільні і Брусэлі пройдуць акцыі салідарнасці з Алесем Бяляцкім, паведамляе рэсурс MAYDAY. Бяляцкаму заўтра спаўняецца 62 гады. Дзень народзінаў праваабаронца і нобелеўскі лаўрэат сустрэне ў калоніі.
У Брусэлі акцыя пройдзе каля беларускай амбасады. Удзельнікі мерапрыемства плануюць перадаць у дыппрадстаўніцтва 82 000 подпісаў з патрабаваннем вызваліць Бяляцкага і ўсіх беларускіх палітвязняў. У Літве пікет таксама пройдзе побач з беларускай амбасадай, а ў Варшаве — на плошчы Канстытуцыі.
Бяляцкі — старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна". Яго затрымалі ў ліпені 2021-га і судзілі за дапамогу пацярпелым удзельнікам пратэстаў 2020 года. Прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі.
За 25 гадоў сваёй праваабарончай дзейнасці Алесь Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі, у тым ліку Прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homini, якую ўручае Вацлаў Гавэл, прэміяй Дзярждэпартамента ЗША, прэміяй Леха Валэнсы і многімі іншымі. У 2022 годзе яму разам з украінскімі і расійскімі праваабаронцамі прысвоілі Нобэлеўскую прэмію міру.
Інфармацыі пра тое, што адбываецца з Алесем Бяляцкім цяпер, няшмат. Ён не атрымлівае карэспандэнцыі ад сваякоў і сяброў. У яго ні разу не было відэазванкоў са сваякамі. Пра стан яго здароўя звестак таксама няма. Пра псіхалагічны стан палітвязня вядома, што ён захоўвае роўны, нармальны настрой, стрыманы ў выказваннях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.