У Беларусі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў калоніі

Алесь Бяляцкі / sb.by
Алесь Бяляцкі / sb.by

Трэцяга сакавіка Ленінскі суд Мінска (суддзя — Марына Запаснік) агучыў прысуд па справе палітвязняў і праваабаронцаў з ПЦ "Вясна" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Бяляцкага асудзілі на 10 гадоў калоніі (пракурор Аляксандр Кароль прасіў для яго 12 гадоў), Стэфановіча — на 9 гадоў (пракурор прасіў 11), Лабковіча — на 7 гадоў (пракурор прасіў 9),  праваабаронцу Дзмітрыя Салаўёва, якога "судзілі" завочна (ён знаходзіцца за мяжой) — на 8 гадоў калоніі (пракурор прасіў 10 гадоў). Для ўсіх — калонія ўзмоцненага рэжыму. Іх прызналі вінаватымі ў "кантрабандзе арганізаванай групай" і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Палітвязні сваёй віны не прызналі. Вядома, што іх пераследуюць за дапамогу рэпрэсаваным беларусам.

На абвяшчэнне прысуду ў судовую залу прывялі сілавікоў, якія занялі амаль усе месцы, пішуць праваабаронцы. Рукі ў палітвязняў былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. 

Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 тысяч рублёў). Старшыні "Вясны" прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 тысяч рублёў).

Крымінальная справа, якая складаецца з 284 тамоў, разглядалася судом у паскораным рэжыме — працэс пачаўся 5 студзеня. Палітвязні за кратамі з лета 2021-га.

Навіна пра асуджанага ў Беларусі нобелеўскага лаўрэата безумоўна трапіць у сусветныя СМІ. Гэта будзе яшчэ адзін удар па "іміджы" лукашэнкаўскай РБ.

У Беларусі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў калоніі
У Беларусі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў калоніі
t.me/viasna96/

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі