У Сажы на тэрыторыі Гомеля знайшлі цела жанчыны
У Гомелі міліцыя Цэнтральнага раёна высвятляе асобу жанчыны, цела якой знайшлі ў рацэ Сож у рысе горада. Як паведамляе прэс-служба УУС Гомельскага аблвыканкама, цела знайшлі 27 лістапада каля 16-й гадзіны паблізу дома 2 па вуліцы Набярэжнай.
Міліцыя паведамляе, што гэта жанчына славянскай знешнасці, на выгляд 50-55 гадоў. Яе рост 169 сантыметраў, мае масіўны целасклад, валасы русыя сярэдняй даўжыні.
Жанчына была апранутая наступным чынам: на галаве — зялёная хустка з жоўта-карычневым малюнкам, паліто чорнае да пояса на гузіках, пінжак карычневы кароткі, швэдар белы з бліскаўкамі, спадніца карычневая да каленяў, калготкі бэжавыя, паўчаравікі чорнага колеру, пальчаткі чорныя.
Тых, хто мае інфармацыю пра гэтую жанчыну, просяць звяртацца па тэлефонах +375 29 340 60 95, +375 29 608 96 02.