У сеціве з’явіўся фільм пра беларускі джаз

Кароткаметражная дакументальная стужка пра беларускі джаз выкладзеная ў інтэрнэт. Па словах рэжысёра Віталя Карабаня, гэта зроблена адмыслова для людзей, якія не трапілі на прэзентацыю ў верасні, яны пастаянна пыталіся, дзе можна паглядзець фільм. А яго трансляцыя па беларускім тэлебачанні падаецца немагчымай “з-за патрэбы безлічы розных паперак ад Міністэрства культуры”.


Цяпер Віталь працуе над поўнаметражным фільмам. Бліжэйшыя месяцы будзе здымацца матэрыял, які здолее больш дакладна і аб’ектыўна распавесці пра развіццё і станаўленне беларускага джазу.


“Сёння здымаем фінал “Барабаннага біту”, ён таксама трапіць у фільм, — распавядае Віталь Карабань. — У снежні мы едзем у Кракаў размаўляць са старымі польскімі музыкамі, якія ведаюць пра беларускі джаз, бо бывалі тут у часы, калі ў нас яшчэ быў моцны джазавы рух. Але пакуль пра дакладныя даты выхаду казаць не даводзіцца, бо можа з’явіцца іншы праект, які крыху пасуне гэты фільм. Так што, збяром матэрыял, зразумеем, што можна мантаваць, тады і выдадзім”.


Нагадаем, галоўнымі героямі “Бульбянога джазу” выступаюць журналіст і крытык Зміцер Падбярэзскі, музыкі гурта Apple Tea ды першы беларускі выкладчык танцаў ліндзі-хоп Дзяніс Іскарцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі