У Шры-Ланкі новы прэзідэнт. Але і ім могуць быць незадаволеныя — як і старым

Раніл Вікрэмесінгхе ў Каломба, Шры-Ланка, 25 мая / CNN
Раніл Вікрэмесінгхе ў Каломба, Шры-Ланка, 25 мая / CNN

Экс-прэм'ер Шры-Ланкі Раніл Вікрэмесінгхэ зрабіўся новым прэзідэнтам Шры-Ланкі, піша ВВС.

Ён змяніў на гэтай пасадзе збеглага з краіны ў выніку маштабных пратэстаў Гатабая Раджапакса. Пасля ўцёкаў Раджапаксы Вікрэмесінгхе выконваў яго абавязкі. Але цяпер дэпутаты парламента, які кантралюе кіроўная партыя, прагаласавалі за абранне яго прэзідэнтам.

Ён павінен будзе выконваць абавязкі на працягу рэшты прэзідэнцкага тэрміну Раджапаксы — да лістапада 2024 года. За яго кандыдатуру прагаласавалі 134 з 223 дэпутатаў, піша CNN.

Раней Вікрэмесінгхе 6 разоў займаў пасаду прэм'ера. Урад самога Раджапаксы ён узначаліў толькі ў траўні гэтага года. 

Яго супернікам у барацьбе за прэзідэнцкі пост быў чалец парламента і былы міністр адукацыі Дулас Алахаперума. Яго падтрымлівалі асноўныя апазіцыйныя партыі.

Абранне Вікрэмесінгхе можа не задаволіць пратэстоўцаў, бо менавіта адстаўка прэм'ера была адным з патрабаванняў удзельнікаў акцый. Раней СМІ пісалі, што адна з прычын незадаволенасці прэм'ер-міністрам — яго цесныя сувязі з экс-прэзідэнтам. Удзельнікі акцый пратэсту штурмавалі кабінет прэм'ера ў сталіцы і спалілі яго прыватны дом. 

Пратэсты на Шры-Ланцы былі выкліканыя сур'ёзным эканамічным крызісам. На працягу некалькіх месяцаў людзі сутыкаліся з недахопам прадметаў першай неабходнасці, паліва і перабоямі ў энергазабеспячэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі