У Швейцарыі затрымалі чыноўнікаў FIFA, іх падазраюць у карупцыі
Іх чакае экстрадыцыя ў ЗША.
Улады Швейцарыі ў сераду, 27 траўня, затрымалі шасцёра прадстаўнікоў Міжнароднай федэрацыі футбола (FIFA). Пра гэта тэлерадыёкампаніі SFR паведаміў прадстаўнік міністэрства юстыцыі краіны Фалько Галі.
Аперацыя праводзілася на запыт пракуратуры ЗША, якая абвінавачвае больш за дзесяць супрацоўнікаў FIFA ў карупцыі і шматлікіх парушэннях, піша Deutsche Welle.
Карэспандэнт ВВС паведамляе, што сярод арыштаваных быў віцэ-прэзідэнт арганізацыі Жэфрэн Уэб, які таксама займае пасаду кіраўніка канфедэрацыі па Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы і Карыбскіх астравах.
Швейцарскае міністэрства юстыцыі адзначае, што гаворка ідзе пра выпадкі хабару ў памеры больш за 100 мільёнаў долараў.
The New York Times паведамляе, што амерыканская пракуратура цягам некалькіх гадоў расследавала магчымыя выпадкі карупцыі падчас адбору краін-гаспадынь чэмпіянатаў свету, а таксама падчас маркетынгавых пагадненняў і дамовах аб трансляцыі гульняў. Акрамя таго, абвінавачванні ўключаюць вымагальніцтвы і адмыванне грошай.
Іншае амерыканскае выданне The Wall Street Journal са спасылкай на ўласныя крыніцы таксама паведамляе, што 27 траўня пракуратура ЗША мае намер выставіць афіцыйныя абвінавачанні 12 прадстаўнікам кіраўніцтва FIFA.
Фота: independent.co.uk