У Слоніме зруйнавалі два помнікі архітэктуры
Матывацыя — “аварыйны стан”. Хаця людзі кажуць, што да такога стану былы асабняк і брыгадны шпіталь пачатку ХХ стагоддзя гадоў дайшлі не самі.
На Еўрарадыё дазваніўся наш слухач са Слоніма Вадзім, які паведаміў пра знішчэнне некалькіх старажытных будынкаў (у іх, дарэчы, здымаўся адзін з эпізодаў знакамітага фільма "У жніўні 1944-га..."). Абодва будынкі з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і ўнесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Таксама Вадзім выслаў нам фотаздымкі руйнавання.
Вадзім: "Я лічу, што гэтыя будынкі сталі занядбаныя і іх зруйнавалі ад бяспамяцтва людзей, якія тут жывуць, якіх гэта не цікавіць. Грамадскасць ніяк не адрэагавала на гэта…".
Каб разабрацца ў справе, мы затэлефанавалі галоўнаму архітэктару Слоніма Таццяне Лянцкевіч. Яна паведаміла, што ўсё законна.
Таццяна Лянцкевіч: "Гэта ўсё адбываецца на падставе рашэння Беларускай вось гэтай Рады пры Міністэрстве культуры (Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры — заўв. Еўрарадыё). Яны, значыцца, далі дазвол на разборку вось гэтых будынкаў з наступным аднаўленнем".
Спадарыня Таццяна абгрунтавала неабходнасць руйнавання дрэнным станам аб’ектаў.
Таццяна Лянцкевіч: "Бо яны былі ў аварыйным стане… І там мог адбыцца няшчасны выпадак…"
Таццяна Лянцкевіч паведаміла, што ў дазволе Міністэрства культуры на разборку будынкаў абавязковай умовай значыцца наступнае іх аднаўленне ў першасным выглядзе. Праўда, галоўны архітэктар Слоніма не змагла пэўна сказаць, ці ўдасца гэта выканаць.
Таццяна Лянцкевіч: "Ну адзін да аднаго можа і не будзе… Я не магу на гэта пытанне адказаць, бо праекта яшчэ няма. Ну як я магу адказаць? Як Міністэрства культуры ўзгадніць, так яно і будзе. Ну натуральна, будуць прысутнічаць элементы вось ХІХ стагоддзя (будынкі збудаваныя ў 1920-я гады — Еўрарадыё) з аднаўленнем аб’ёмна-планіровачнага рашэння… Ну можа быць, нейкія элементы і будуць замененыя — улічваючы тое, што там адзін будынак быў драўляны (драўляныя абодва будынкі — Еўрарадыё), нават каркасна-засыпны. Натуральна, рабіць такі самы няма сэнсу!..."
Навуковым кіраўніком аб’екта прызначаны спецыяліст “Гроднажылпраекту” Яўген Басаў. Ён распавёў, што на Радзе Міністэрства культуры было шмат спрэчак, ці дазваляць разборку помнікаў архітэктуры. Але калі сябры Рады пабачылі здымкі, у якім дрэнным стане будынкі, то пагадзіліся. Аднак Яўген Басаў не схільны лічыць, што будынкі прыйшлі ў такі стан самі.
Яўген Басаў: "Калі б яны іх даглядалі як належна, эксплуатавалі іх — напэўна, можна было б захаваць будынкі. Ну а так… Я зрабіў комплексныя абмеры ўсіх дэталяў, планы паверхаў, элементаў. Плюс поўную фотафіксацыю. І зрабіў прапанову па іх аднаўленню на гэтай тэрыторыі з размяшчэннем дзіцячай паліклінікі. Рэч у тым, што вялікі будынак быў збудаваны па тыпавым праекце брыгаднага шпіталя — яшчэ палякі будавалі…".
Каб зразумець, наколькі каштоўнымі былі зруйнаваныя помнікі архітэктуры, мы звярнуліся да вядомага гісторыка архітэктуры, магістра мастацтвазнаўства Сяргея Харэўскага.
Сяргей Харэўскі: "Гэтыя дамкі былі даўно ўнесеныя ў Збор помнікаў, фігуравалі ў вядомай кнізе “Помнікі Слоніма”, уяўлялі сабою цяпер ужо рэдкі для Беларусі прыклад грамадзянскай забудовы 1920-х гадоў, міжваеннага часу — у так званым “старапольскім” альбо “стылю дворкув”. Гэта такі мадэрн з элементамі неабарока ў духу нацыянальнага рамантызму 20-30-х гадоў."
Спадар Харэўскі скептычна ставіцца да заяваў, што будынкі “адбудуюць, як і было”.
Сяргей Харэўскі: "Няма разумення ў нашай дзяржаве сэнсу слова “помнік”. Няма разумення, што ёсць аўтэнтычнасць, няма разумення каштоўнасці аўтэнтычнасці. Гэтая хітрамудрая фармулёўка “зробім, як было” — яна абсурдная! Ну не атрымліваецца ў нас у Беларусі сёння рабіць “як было”. Мы не маем ніводнага прыклада, каб помнік аднавілі як ён быў. Ніводнага прыклада!"
Такім чынам, Слонім пазбавіўся адразу двух помнікаў архітэктуры, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Ці вернуцца яны ў мінулым выглядзе — пакуль няясна.
Урывак з Дзяржаўнага спісу, дзе пазначаныя абодва будынкі
Апісанне будынка шпіталю з Дзяржаўнага спісу
Так выглядаў гарадскі асабняк у 2007 годзе, пасля пажару
Тады згарэла частка даху і ўнутранае начынне, усе асноўныя формы і знешнія сцены захаваліся
У сярэдзіне будынку пасля пажару. Згарэла шмат...
Але ці да такой ступені, каб пакідаць ад помніка архітэктуры пустое месца?..
Другі будынак (брыгаднага шпіталю) некалькі тыдняў таму
Адной з ягоных асаблівасцяў былі драўляныя калоны на ўваходзе
Адную з іх раскалупалі вандалы — можна было пабачыць яе цікавую канструкцыю
Дамок незадоўга да разбурэння
Адное з апошніх фота помніка архітэктуры
Першы дом знесены, другі падрыхтаваны да знішчэння...
Паловы дома ўжо няма...
Яшчэ троху — і помніка не будзе ўжо цалкам...