У Слуцку на Дзень Перамогі "ідэолаг" зняла са школьніцы георгіеўскую стужку
Слуцкая школьніца 9 траўня засталася без георгіеўскай стужкі, з якой яна прыйшла на святкаванне Дня Перамогі. Як піша мясцовая газета "Інфа-Кур'ер", здарэнне адбылося за некалькі хвілінаў да таго, як з вуліцы 14-ці Партызанаў на вуліцу Леніна выйшла святочная калона.
Шасцікласніца са школы №9 разам з аднагодкамі стаяла каля дарогі і рыхтавалася сустракаць шэсце, прымеркаванае да Дня Перамогі. На грудзях дзяўчынкі была георгіеўская стужка з кветкамі яблыні. Да яе падышла жанчына, зняла бутаньерку і пайшла правяраць астатніх школьнікаў.
Бацькі дзяўчынкі дагналі жанчыну. Яна назвалася "ідэолагам" і патлумачыла свой учынак тым, што "ў нас у Беларусі свая ідэалогія".
Па словах Генадзя Дубоўскага, бацькі дзяўчынкі, дзеці прыходзілі са сваімі шарыкамі і бутаньеркамі, ім ніхто не казаў пра тое, як мусяць выглядаць бутаньеркі і павінны яны быць увогуле. Ад школы ім выдалі толькі сцяжкі, якія пасля шэсця забралі назад.
Усю размову з "ідэолагам" Генадзь Дубоўскі запісаў на відэакамеру тэлефона.
— Мне цікава, вы што нацыяналіст?
- Не, я не нацыяналістка, я ідэолаг.
— Гэта ж сімвал Перамогі.
— Ну і што. У нас у Беларусі свая ідэалогія. Разумееце?
— Гэта агульная ідэалогія...
— Давайце не будзем сёння сварыцца.
- І Перамога агульная, адна на ўсіх...
- Згодная.
- Гэта сімвалы Перамогі.
— Вы можаце насіць, але ў піянера, у якога беларускі піянерскі гальштук, павінна быць беларуская сімволіка Перамогі.
— Сімволіка Перамогі агульная для ўсіх! Няма беларускай сімволікі Перамогі.
— Я не буду з вамі сварыцца. Адкрывайце дакументы і чытайце.
(— У Аляксандра Рыгоравіча палова георгіеўская, паловўка дзяржаўная, — у размове ўдзельнічае маці дзіцяці.)
— Я здымаю цяпер. Гэтае пытанне мы падымем. Я на сайт прэзідэнта адпраўлю гэта відэа. Перамога агульная і сімвалы Перамогі не могуць быць беларускімі, — працягвае бацька школьніцы.
— Вы ў мяне дазволу не спыталі здымаць.
— А мне гэта не трэба. Гэта публічная здымка. Мы ўдзельнікі гэтага.
— Вы мяне павінны папярэдзіць, перш чым здымаць.
- А я вас папярэдзіў. Я да вас падышоў (неразборліва) фотаапарата... Сімвал беларускай Перамогі... Беларусы асобную Перамогу атрымалі...
— Не беларускай Перамогі, а сімвал беларускай ідэалогіі.
(— Бутаньеркі могуць быць розныя, нашы дзяды ваявалі, — кажа маці школьніцы.)
— Могуць быць. Я з вамі не спрачаюся...
У каментары журналістам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Слуцкага райвыканкама Андрэй Нядзелька падтрымаў дзеянні сваёй падначаленай. Па яго словах, метадыст паводзіла сябе годна, размаўляла ветліва і без агрэсіі.
"Георгіеўскую стужку з кветкамі яблыні зняла з той прычыны, што ў піянераў павінен быць адзіны стыль адзення на парадзе. Такая задача ставілася кіраўнікам устаноў, якія выстаўлялі дзяцей ўздоўж дарогі для сустрэчы прысутных. Калі б мы ведалі, што для бацькоў дзяўчынкі, у якой забралі стужку, гэта прынцыповая пазіцыя, ўзялі б на яе месца іншага дзіцяці. Мы ні ў якім разе не перашкаджаем памятаць пра Перамогу. У любы іншы час, па-за ўдзелам у дзяржаўных святах, калі ласка, насіце георгіеўскую стужку. Але ў арганізатараў афіцыйнага мерапрыемства ёсць свае патрабаванні да яго правядзення, і ўдзельнікі павінны гэта разумець", — патлумачыў чыноўнік.