У студэнтаў ЕГУ самая вялікая стыпендыя, і яны могуць карыстацца льготамі

Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў у Вільні і на ўласныя вочы пабачыў, як жывуць і вучацца студэнты Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Калі падыходзіш да Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта, ствараецца ўражанне, што прыехаў у санаторый. Акуратныя будынкі, вакол хваёвы парк, на лавачках сядзіць моладзь з кніжкамі… На першым паверсе стаіць ксеракс. Трэба – карыстайся. Шыкоўны камп’ютарны клас. Дый іншыя класы абсталяваныя адпаведна самым крытычным патрабаванням. Студэнты з Беларусі набываюць тут веды па 9 бакалаўрскіх праграмах.

Паступіць у ЕГУ не проста. Акрамя недахопу ведаў, перашкодай можа стаць недакладнае разуменне чалавекам, дзеля чаго ён хоча паступіць на абраны факультэт. Такіх людзей, па словах прарэктара універсітэта Уладзіміра Дунаева, стараюцца “адсеяць” на самых першых этапах.

Уладзімір Дунаеў
: “Мы не імкнемся да таго, каб фармальны конкурс быў максімальна вялікі яшчэ і таму, што гэта дастаткова складана тэхнічна. Уступныя іспыты праходзяць у Вільні, і праблема атрымання віз дастаткова заўважная. Таму выкарыстоўваецца шматступенчатая сістэма адбору, і на іспыты прыязджаюць толькі самыя вартыя. Хаця той, хто сапраўды хоча паступіць, – паступае. Хай і не з першага разу”.

Акрамя складанасцяў “унутраных” многіх палохаюць магчымыя “знешнія” – пытанне “акліматызацыі” ў чужой краіне. І перш за ўсё гэта непакоіць бацькоў патэнцыйных студэнтаў ЕГУ. Але, як сцвярджае студэнтка 2-га курса факультэта міжнароднага права Насця Матчанка, гэта акурат і не праблема. Пачынаючы з першага курса студэнты вучаць літоўскую мову.

Насця Матчанка: “З гэтага года акрамя таго падрыхтоўчага курса па літоўскай мове, які ў нас быў на першым курсе, на другім і на трэцім мы можам працягваць яе вывучэнне. У выніку мы будзем бакалаўрамі з веданнем мовы краіны знаходжання”.

Акрамя таго, беларускія студэнты ладзяць сумесныя са студэнтамі літоўскіх ВНУ вечарыны, творчыя і навуковыя дыспуты.

Студэнты атрымліваюць стыпендыю, якая, па словах прарэктара Уладзіміра Дунаева, нават большая, чым у іх літоўскіх калег. Колькі — прафесар не ўдакладніў. Акрамя таго, яны маюць усе льготы, якімі карыстаюцца мясцовыя студэнты. У адрозненне ад сваіх беларускіх калег, якіх днямі льгот пазбавілі. Студэнты маюць права на льготны праезд у транспарце, а большасць музеяў ды іншых культурных цэнтраў увогуле наведваюць бясплатна.

Вырашаныя і пытанні пражывання ды харчавання. Выкладчык кафедры “Масавыя камунікацыі і журналістыка” Эдуард Мельнікаў з гонарам расказваў, што сталоўка ў іх універсітэце самая танная ва ўсёй Вільні. Пацвердзіў гэта і прарэктар Уладзімір Дунаеў.

Уладзімір Дунаеў
: “Мяркую, гэта немалаважная перавага гэтага універсітэта, што студэнты могуць вельмі танна харчавацца. Што ж тычыцца жыцця ў інтэрнаце, то адразу хачу папярэдзіць: каменданты тут таксама ёсць, і яны падобныя да беларускіх. Таму здараюцца кафлікты. Але мы вучым студэнтаў жыць па законах краіны знаходжання”.

Тыя, каму стыпендыі не хапае, пачынаючы з 2 курса могуць, па словах Насці Матчанкі, падпрацоўваць.

Насця Матчанка: “Сёлета ў студэнтаў з’явілася магчымасць падпрацоўваць у вольны час – 20 гадзін на тыдзень”.

Летась у ЕГУ прынялі 40 студэнтаў, якіх па палітычных матывах выключылі з беларускіх дзяржаўных ВНУ. Калі такія будуць сёлета, іх таксама прымуць без іспытаў. Але ніякіх зніжак у патрабаваннях да авалодвання ведамі не будзе, папярэджавае прарэктар.

Уладзімір Дунаеў: “Мы ставімся да іх як і да астатніх студэнтаў. Безумоўна, яны з’яўляюцца ахвярамі акадэмічных рэпрэсій, але ў іх тая ж самая адказнасць за акадэмічныя поспехі, як і ва ўсіх астатніх”.

У планах ЕГУ – значнае пашырэнне. Толькі на завочныя праграмы сёлета плануецца прыняць каля 500 чалавек. Акрамя таго, на платнае вочнае аддзяленне пачнуць прымаць жадаючых атрымаць дыплом міжнароднага ўзору з іншых краін. У першую чаргу, Расіі, Украіны, прыбалтыйскіх краін.

А з такім дыпломам, сцвярджаюць у ЕГУ, ёсць рэальная магчымасць знайсці працу ў любой краіне свету. Да прыкладу, некалькі выпускнікоў ЕГУ сёння вучацца на аспірантуры ва універсітэтах Еля і Масачусетса. А былая студэнтка кафедры турызму працуе ў турыстычнай фірме ў Парыжы. Ёсць яшчэ прыклады Прагі, Будапешта, Варшавы, Хельсінкі…


ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ:

Еўрапейскі гуманітарны універсітэт быў створаны ў 1992 годзе ў Мінску. Але ў 2004 годзе ён быў вымушаны змяніць месца знаходжання і вось ужо два гады “кватаруе” ў Літве. Зараз у цэнтры Вільні, дзе размешчаны ЕГУ, часцей пачуеш беларускую мову, чым у любым горадзе Беларусі – у 2006 годзе ўрад Літоўскай Республікі надаў ЕГУ статус літоўскага універсітэта, дыпломы якога прызнаюцца ва ўсім Еўрапейскім Саюзе.

На вочных і завочных бакалаўрскіх праграмах, у магістратуры і аспірантуры, а таксама на курсах дыстанцыйнага навучання вучыцца каля 1500 студэнтаў. Навучанне вядзецца на беларускай, англійскай і рускай мовах. Вучаць студэнты і літоўскую мову.

У 2007/2008 навучальным годзе ЕГУ абвяшчае набор на наступныя праграмы бакалаўрскага ўзроўню:

Міжнароднае права;
Візуальны дызайн і медыя;
Візуальныя і культурныя даследаванні;
Масавыя камунікацыі і журналістыка;
Культурная спадчына і турызм;
Тэорыі і практыкі сучаснага мастацтва;
Сацыяльная і палітычная філасофія;
Паліталогія і еўрапейскія даследаванні;
Беларусістыка: гісторыя Беларусі і культурная антрапалогія












Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі