Дождж, мокры снег і моцны вецер чакаюцца ў суботу ў Беларусі
У суботу, 22 красавіка, у Беларусі чакаецца воблачнае надвор'е, днём — з праясненнямі. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Сіноптыкі прагназуюць ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Вецер будзе паўднёва-заходні, заходні 5-10 метраў за секунду, на большай частцы тэрыторыі парывы да 15-20 метраў за секунду. У сувязі з моцным ветрам сіноптыкі абвясцілі на 22 красавіка аранжавы ўзровень небяспекі.
Уначы слупок тэрмометра будзе паказваць ад +1 да +6 градусаў. Удзень будзе 3-9 градусаў вышэй за нуль.