У суботу ў Мінску пройдзе Пяты моладзевы фестываль субкультураў
Пяты фестываль моладзевых субкультураў адбудзецца 23 чэрвеня ў Мінску, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Мінскую гарадскую арганізацыю БРСМ.
Фэст запланаваны на паляне масавых мерапрыемстваў парку Перамогі з 14.30 да 22.30. Там можна будзе паслухаць вулічных музыкаў, паназіраць за працай мастакоў стрыт-арту, прыняць удзел у майстар-класе па футбольным фрыстайле і Challenge-марафоне, даведацца сакрэты ілюзіяніста.
Гледачоў чакаюць такія відовішчы, як рыцарскія баі, танцавальныя батлы і паркур. Прычым у танцах і паркуры паўдзельнічаць зможа кожны ахвочы.
На пляцоўцы BRSMVLOG пройдзе конкурс "Агонь танца" і творчая праграма, хэдлайнер якой пакуль не паведамляецца.
Завершыцца фэст "Бітвай DJ". Пераможцы блокаў "Агонь танца" і "Бітва DJ" будуць прадстаўляць сталіцу на Дні моладзі падчас Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску — 2018".