У свеце неспакойна: ЕС супраць Польшчы, стары сябар Байдэн і магчымасць Пялевіна
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У "Паўночнага патоку" праблемы з сертыфікацыяй. А Джо Байдэн і Сі Цзіньпін дэманструюць, як трэба вырашаць праблемы.
І галоўная навіна дня: здаецца, хтосьці бачыў Пялевіна. Але гэта не дакладна.
У "Паўночнага патоку" праблемы
Але пакуль яны, хутчэй, тэхнічныя.
Рэгуляцыйны орган Германіі прыпыніў працэс зацвярджэння спрэчнага газаправода "Паўночны паток 2". У рашэнні гаворыцца, што трэба прывесці ўсе справы ў адпаведнасць нямецкаму заканадаўству, перш чым сертыфікаваць праект коштам 10 мільярдаў еўра.
Цяпер Nord Stream 2 AG — швейцарская кампанія. Ёй трэба стварыць даччынае падраздзяленне ў Германіі, якое стане ўладальнікам і аператарам нямецкага ўчастка газаправода.
Гэта адкладзе ўвод трубы ў эксплуатацыю яшчэ на нейкі час. І нават калі будзе атрымана зялёнае святло ад Германіі, праект павінна будзе ўхваліць яшчэ і Еўракамісія.
"Газпрам" заяўляў, што "Паўночны паток" быў гатовы яшчэ ў верасні. У яго будаўніцтва ўклаліся і нямецкія кампаніі.
Крытыкі праекта асцерагаюцца, што трубаправод паставіць Еўропу ў яшчэ большую энергетычную залежнасць ад Расіі. Трубаправод праходзіць па дне Балтыйскага мора, ён падвоіць экспарт газу з Масквы ў Германію. Але абміне Украіну, якая ў такім выпадку можа моцна пацярпець ад страты транзітных збораў.
Вынік гэтага рашэння — аптовыя цэны на газ у Еўропе, з якімі ў гэтым сезоне і так не ўсё гладка, дасягнулі трохтыднёвага максімуму.
ЕС занепакоены
Сутыкненні Польшчы і ЕС праз пытанні незалежнасці судовай сістэмы працягваюцца.
Польскі міністр юстыцыі можа прызначаць суддзяў у суды найвышэйшай інстанцыі і здымаць іх без называння прычын. ЕС мяркуе, што, даўшы міністру такія паўнамоцтвы, Варшава парушыла законы аб'яднання. А прэзумпцыя невінаватасці можа апынуцца пад пагрозай, піша DW.
У мінулым месяцы ЕС ужо аштрафаваў Польшчу на 1 млрд еўра ў дзень па іншай справе, але таксама звязанай з судовай сістэмай. Міністр юстыцыі заявіў, што Польшча не павінна і не будзе плаціць ніводнага злотага.
"Мой стары сябар"
Калі вы думалі, што ў Кітая і ЗША халодная вайна, Сі Цзіньпін спяшаецца вас расчараваць. Або заблытаць. У часе ўчорашняга віртуальнага саміту з Джо Байдэнам ён назваў яго "старым сябрам".
Пакуль што размаўлялі дыстанцыйна: з пачатку пандэміі старшыня не пакідаў Кітая. Але Байдэн спадзяецца наступным разам сустрэцца і асабіста.
Байдэн прызнаў, што занепакоены пытаннем выканання правоў чалавека ў некаторых рэгіёнах КНР. Пагаварылі і пра Тайвань: ЗША прытрымліваюцца палітыкі аднаго Кітая і не збіраюцца выступаць за незалежнасць вострава. Абмеркавалі каранавірус і "несумленныя" гандлёвыя практыкі Кітая. Вашынгтон чакае ад Пекіна сумленнай канкурэнцыі.
Сі перакананы, што інтарэсы ЗША і Кітая пераплеценыя, і настойвае на неканфліктным суіснаванні.
Лічбавая гігіена ад Пялевіна
Ніхто не бачыў пісьменніка Віктара Пялевіна на публіцы 20 гадоў. Апошні раз ён з'явіўся на літаратурным сімпозіуме ў Токіа ў 2001 годзе — і ўсё.
Таму навіна ў тэлеграм-канале Mash, у якой гаварылася, быццам Пялевіна адсачылі ў Тайландзе, нарабіла шуму.
Выданне таксама апублікавала запіс размовы з супрацоўніцай рэцэпцыі аднаго з гатэляў. Журналіст папрасіў звязаць яго з Пялевіным. На рэцэпцыі перанакіравалі званок у яго нумар. Потым пачуліся гудкі, запіс перарваўся.
Каардынаты месца, дзе адпачывае ці жыве Пелевін, раскрываць не сталі. Журналісты проста хацелі даказаць, што адсачыць можна каго заўгодна — нават філосафа.
Але ж прызнаем — хто з нас моцны ў дастатковай ступені, каб выконваць такую лічбавую гігіену?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.