У Свіслачы працягваюцца раскопкі магілы Віктара Каліноўскага (фота)
У Свіслачы працягваюцца раскопкі магілы Віктара Каліноўскага. Па яго парэштках спадзяюцца канчаткова ідэнтыфікаваць парэшткі брата — Кастуся Каліноўскага, кіраўніка вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў, інфармуе сайт harodniaspring.org. Працы пачаліся ў панядзелак, іх праводзіць Следчы камітэт, прысутнічаюць назіральнікі ад грамадскасці.
Як інфармавала Еўрарадыё, летась у Вільні падчас раскопак на гары Гедзіміна выявілі парэшткі двух дзясяткаў паўстанцаў 1863 года, пакараных смерцю расійскімі ўладамі. Сярод іх — Кастусь Каліноўскі. Верагоднасць яго парэшткаў на сённяшні дзень складае 95%. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, каб атрымаць генетычны матэрыял для параўнання. Таму і спатрэбілася эксгумацыя парэшткаў брата. Праўда, няма ўпэўненасці, ці дакладна стаіць помнік на магіле. Яна, дарэчы, з'яўляецца традыцыйным месцам ушанавання памяці паўстанцаў і ўсіх герояў палеглых за Беларусь.
8 ліпеня былі дэмантаваныя камяні з крыжамі, знятая плітка і верхні пласт зямлі. Уначы там дзяжурыла міліцыя. Раскоп накрылі тэнтам — ішоў дождж. Раскопкі вядуць антраполаг Мікалай Памазанаў, археолаг Вадзім Кошман. Прысутнічае прафесар антрапалогіі Віленскага ўніверсітэту Рымантас Янкаўскас.
Як вядома, на восень 2019-га ў Вільні запланаванае ўрачыстае перазахаванне парэшткаў паўстанцаў, а сярод іх і Кастуся Каліноўскага.