У Тбілісі паліцыя разганяла акцыю пратэсту, ёй адказалі "кактэйлямі Молатава"
Паліцыя супраць дэманстрантаў / meduza.io
7 сакавіка ў Тбілісі паліцыя жорстка разганяла шматтысячную акцыю пратэсту. Людзі пратэстуюць супраць прынятага парламентам Грузіі ў першым чытанні законапраекта "аб замежных агентах". Галасаванне па другім варыянце законапраекта прызначана на 9 сакавіка. Гэтая версія ў адрозненне ад прынятай у аўторак датычыць не толькі юрыдычных асоб, але і фізычных, а таксама прадугледжвае крымінальную адказнасць, паведамляе Радыё Свабода.
Апазіцыя перакананая, што цяперашнія ўлады Грузіі спрабуюць пераняць расійскі досвед барацьбы з "іншаагентамі" і стварыць "рэпрэсіўны механізм". У Еўрасаюзе лічаць, што падобныя законы несумяшчальныя з выкананнем рэкамендацый Грузіі для атрымання ёй статуса кандыдата на ўступленне ў ЕС.
У цэнтры Тбілісі мітынгавалі ад 5 да 10 тысяч чалавек. Адбыліся сутычкі з паліцыяй. Супраць дэманстрантаў выкарыстоўвалі вадамёты і слёзацечны газ. Ёсць пацярпелыя.
Пратэстоўцы адказалі "кактэйлямі Молатава". Паліцэйскія сталі страляць гумовымі кулямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.