У тэндары на гамакі для сабак МУС пазначыла "патрэбную" кампанію

У тэндары на гамакі для сабак МУС пазначыла "патрэбную" кампанію

Дэпартамент аховы МУС размясціў тэндар на гамакі для перавозкі службовых сабак у багажніках аўтамабіляў. Проста ў дакументах аб закупцы — тлусты намёк на тое, дзе ведамства збіраецца зрабіць закупку: у патрабаваннях да матэрыялу ўказаная “друкаваная этыкетка TREND.BY белая”, а TREND.BY — гэта і ёсць адзін з вытворцаў гамакоў для сабак!

У тэндары на гамакі для сабак МУС пазначыла "патрэбную" кампанію
Табліца з адмысловымі патрабаваннямі да матэрыялаў

“Гэта прамое парушэнне заканадаўства, — мяркуе кіраўнік праекта opentenders.by Уладзімір Кавалкін. — Закон аб дзяржзакупках забараняе выкарыстанне любых фірмовых найменняў арганізацый ці брэндаў. Вы можаце проста цяпер падаць заяўку ў МАРТ, каб адмянілі тэндар. Бо ён адкрыта парушае закон”.

Пра кампанію TREND.BY вядома не шмат. Гэта стартап па вытворчасці аксесуараў для аўто, створаны Дзмітрыем Драчковым, Дзмітрыем Балашавым і Ірынай Мазаляка. Пару гадоў таму кампанія перамагла ў тэлепраекце АНТ “Мой бізнес”.

Наўрад ці якая-небудзь іншая кампанія, акрамя TREND.BY, можа паставіць беларускай міліцыі гамакі з этыкеткай TREND.BY. У тэндарных дакументах знаходзім прэзентацыю з патрабаваннямі да закупкі. На фота — гамак, па форме і колеры вельмі падобны да тых, якія ёсць на сайце TREND.BY.

У тэндары на гамакі для сабак МУС пазначыла "патрэбную" кампанію
Так выглядае гамак у адмысловай прэзэнтарцыі дэпартамента аховы.

Дэпартамент аховы хоча набыць 519 гамакоў для сабак за 140130 рублёў ($65 тысяч). Атрымліваецца па 270 рублёў за адзін гамак. Але сайт TREND.BY прапануе гамакі… удвая танней! Гамак “Трэнд Догін Дабл”, вельмі падобны на тыя, якія хоча набыць міліцыя, каштуе 129 рублёў 90 капеек, прычым у кампаніі ўдакладняюць, што цана будзе адной і той жа як для фізічных, так і для юрыдычных асоб.

У тэндары на гамакі для сабак МУС пазначыла "патрэбную" кампанію
А такім чынам выглядаюць гамакі, якія можна набыць на афіцыйным сайце прадпрыемства

Як назва кампаніі магла апынуцца ў дакументах на правядзенне конкурсу? Супрацоўнік МУС, адказны за тэндар, на пытанне Еўрарадыё адказваць адмаўляецца, параіўшы звяртацца ў прэс-службу. Пры гэтым ён адзначыў, што тэндар ужо не актыўны. Сапраўды, заяўкі на тэндар прымаліся з 16 па 23 кастрычніка. Але фармальна тэндар дагэтуль быў не завершаны: яшчэ ўдзень 13 лістапада на сайце дзяржзакупак www.icetrade.by стаіць статус “падача прапаноў”.

Пры гэтым у кампаніі TREND.BY Еўрарадыё кажуць, што не бралі ўдзел у тэндары:

“Мабыць, памылка з іх [МУС] боку. Мы збіраліся ўдзельнічаць у тэндары і зрабілі тэставы выраб, які і паказалі заказчыку. Гэта было абавязковай умовай тэндара. Хутчэй за ўсё, калі рабілі тэхнічнае апісанне меркаванага вырабу для тэндара, узялі наш гамак у якасці ўзору. Проста кажучы, "змалявалі"”.

Пазней кампанія адмовіліся ўдзельнічаць у тэндары, бо на выкананне замовы быў пастаўлены занадта кароткі тэрмін. Па словах супрацоўніка TREND.BY, на выраб неабходнай колькасці гамакоў патрэбна было ў тры разы больш часу, чым да новага года, калі мусіла быць здзейсненая пастаўка.

Прадстаўнікі TREND.BY распавялі Еўрарадыё, што збіраюцца звярнуцца ў МУС па тлумачэнні.

У сухім астатку: дакументацыя па тэндары, які абвясціла МУС, змяшчала назву брэнда, што катэгарычна забаронена. Па словах аднаго з патэнцыйных удзельнікаў тэндара, на пастаўку быў адведзены нерэальна кароткі час, а гамакі, пра якія вялася гаворка, можна знайсці ў інтэрнэце ўдвая танней за кошт, па якім збіралася зрабіць закупку МУС.

Пасля тэлефанавання Еўрарадыё у статусе тэндара адзначылі, што ён не адбыўся, бо паступіла толькі адна прапанова — ад ТАА "Тры А Тактыкал". Цяпер Дэпартамент аховы МУС зможа правесці закупку з адной крыніцы, справаздача пра якую не публікуецца. І мы так ніколі і не даведаемся пра тое, колькі беларускім сілавікам каштавалі гамакі для сабак.

У тэндары на гамакі для сабак МУС пазначыла "патрэбную" кампанію
Так выглядае старонка тэндэра пасля званка Еўрарадыё ў МУС

Акрамя TREND.BY у тэндарных дакументах згадваюцца і іншыя патэнцыйныя ўдзельнікі, напрыклад ААТ “Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў”, ААТ “8 сакавіка” (вырабляе трыкатаж), ТАА “Спанеўрамед” (бахілы і медыцынскія маскі), ААТ “Пінскі завод штучных скур”. На адных прадпрыемствах пра тэндар МУС упершыню пачулі ад Еўрарадыё, а другія сапраўды збіраліся ўдзельнічаць, але па розных прычынах іх прапановы не задаволілі арганізатараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі