У Варшаве прэзентавалі “Гісторыю ВКЛ” (фота)
19 верасня ў польскай сталіцы адбылася прэзентацыя кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча.
Арганізатарам сустрэчы з гісторыкам у будынку Палаца навукі і культуры выступіла “Беларуская Нацыянальная Памяць”.
На сустрэчы Краўцэвіч распавёў пра гісторыю станаўлення ВКЛ, пра яе веліч і прычыны заняпаду, пра сённяшні гістарычны дыскурс і спрэчкі з літоўскімі гісторыкамі. Аўтар разглядае ВКЛ не проста як гісторыю беларускіх земляў, а як важны этап беларускай дзяржаўнасці.
Першы том выдання выйшаў сёлета ў кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка”. Ён ахоплівае перыяд часу ад узнікнення дзяржавы да пачатку яе тэрытарыяльнага росту пры вялікіх князях Віцені і Гедыміне. Увесь наклад асобнікаў быў выкуплены за 3 месяцы.
Напрыканцы прысутныя ўшанавалі 22-гадавіну Дня беларускага сцяга і герба апладысментамі Зянону Пазняку і Валеру Сядову, як непасрэдным удзельнікам тых гістарычных падзей.