"У вас пад бокам будзе неадэкватны дыктатар": каму выгадны канфлікт з Украінай?
Нейкі Саша вельмі дрэнна сябе паводзіў / Еўрарадыё
Зыходзячы са слоў і меседжаў, якія апошнім часам агучвае Лукашэнка, Украіна для беларускага рэжыму стала адным з галоўных ворагаў. Ці было чаканым такое развіццё падзей?
— Цяпер стала відавочным, што Лукашэнка страціў інфармацыйны суверэнітэт і ўсё, што ён кажа, знаходзіцца ў поўным узаемадзеянні і каардынацыі з расійскай прапагандай, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё дырэктарка па даследаваннях міжнароднай бяспекі Еўрапейскай экспертнай асацыяцыі і экспертка ISANS Марыя Аўдзеева. — Разварот Лукашэнкі ў бок антыўкраінскай рыторыкі пачаўся практычна адразу пасля так званых "выбараў" у жніўні 2020-га, пасля таго як пачаліся першыя задушэнні пратэстаў.
Лукашэнка адчуў, што яму патрэбна падтрымка Крамля. І Крэмль, мабыць, за сваю падтрымку запатрабаваў у тым ліку інфармацыйную прысутнасць у Беларусі. Часткай такой прысутнасці стаў сам Лукашэнка, які на працягу ўсяго года планамерна, крок за крокам сваю рыторыку ўраўноўваў з тым, што кажа афіцыйны Крэмль.
У адносінах з Украінай цяпер дзейнічаюць падвойныя стандарты. То спачатку беларускі рэжым гандляваў з Украінай на мільёны долараў, то пачаў расказваць пра нейкія джыпы, якія прарываюцца праз мяжу, пра лагеры пад Кіевам і Харкавам, дзе трэніруюць баевікоў. Такія гісторыі — гэта свае, местачковыя выдумкі або гэта меседжы, якія падказвае Расія?
— Увосень мінулага года ў Беларусі высадзіўся "дэсант" расійскіх прапагандыстаў, — працягвае экспертка. — Пасля іх прыезду фразы і маўленне беларускіх чыноўнікаў сталі вельмі дакладна адпавядаць таму, што кажа Крэмль у дачыненні да Украіны. Можна сказаць, што Крэмль, з аднаго боку, навязваў сваё бачанне і, хутчэй за ўсё, былі канкрэтныя ўказанні пра тое, каб падымаліся нейкія тэмы ў беларускіх дзяржаўных СМІ. З іншага боку, адбылося так званае зрошчванне прапагандысцкіх каналаў, якія цяпер узаемна адзін аднаго дублююць і дапаўняюць.
Гатоўнасць Лукашэнкі пры неабходнасці размясціць расійскія войскі ў Беларусі, вучэнні "Захад-2021" і астатняе бразганне зброяй — для чаго гэта трэба?
— Чым радыкальнейшыя заявы робіць Лукашэнка, чым больш неадэкватна ён сябе паводзіць, тым гэтая сітуацыя больш выгадная Крамлю, — тлумачыць Марыя Аўдзеева. — Давайце ўспомнім: гэтай вясной на мяжы з Украінай збіралася вялікая колькасць расійскіх вайскоўцаў, тады яшчэ ўсе абмяркоўвалі, будзе ўварванне ці не.
Цяпер будуць вучэнні "Захад-2021". Вельмі выгадна трымаць у пастаянным напружанні Украіну і Захад. Лукашэнка выгадны Пуціну як пудзіла для Захаду, якое заўсёды можна выкарыстаць і паказаць, маўляў, паглядзіце, калі вы цяпер не аддасце Беларусь у сферу ўплыву Расіі, то ў вас проста пад бокам будзе зусім неадэкватны дыктатар, які заўтра незразумела што будзе рабіць.
"І заўтра на вілах бы павыносілі і Зяленскага, і ўсіх астатніх, таму што 35 адсоткаў — мы, 35-40 адсоткаў — Расія пастаўляе паліва ва Украіну", — сказаў у час "Вялікай размовы" Лукашэнка, маючы на ўвазе магчымасць "паставіць Украіну на калені". Гэтыя пагрозы маюць пад сабой нейкую падставу?
— Мне здаецца, што Украіна яшчэ не ўвяла жорсткія эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі таму, што яна яшчэ не гатовая цалкам пераарыентавацца на іншыя пастаўкі, — мяркуе экспертка. — Так, трэба дыверсіфікаваць пастаўкі і не залежаць, напрыклад, ад расійскага газу. Але сітуацыя пакуль што такая: маем тое, што маем. Для таго каб пазбавіцца ад гэтай залежнасці, трэба час. Я сапраўды спадзяюся, што Украіна гэта зробіць.
Тое, што Лукашэнка выкарыстоўвае гэта як шантаж, — так, але для Беларусі гэта таксама важная частка экспарту. Таму і Беларусь тут таксама залежыць ад Украіны. Тое, што Лукашэнка абяцаў перакрыць і дагэтуль не перакрыў, гаворыць пра тое, што ёсць узаемазалежнасць.
Адносіны беларускага рэжыму з Украінай зразумелыя. Але чаму галоўны на сённяшні дзень апанент Лукашэнкі, Святлана Ціханоўская, дагэтуль не сустрэлася з Уладзімірам Зяленскім?
— Я спадзяюся, што перамовы па гэтым пытанні вядуцца і такая сустрэча адбудзецца. Думаю, што асноўная прычына, якой кіруецца Украіна, — не пераходзіць лінію, якая для Лукашэнкі стала чырвонай анучай. Але цяпер захоўваць добрую міну пры дрэннай гульні і рабіць выгляд, што існуе магчымасць нармальных узаемаадносін, — такой бачнасці ўжо даўно няма. І я думаю, баяцца таго, што такая сустрэча [Зяленскага і Ціханоўскай. — Еўрарадыё] на нешта падштурхне Лукашэнку, не варта.
Адмова кіраўніцтва Беларусі ад нейтральнага статусу ў адносінах з Украінай — чаго чакаць далей?
— У сувязі з шэрагам галаслоўных абвінавачанняў з боку Беларусі афіцыйная заява МЗС [Украіны. — Еўрарадыё] ўжо ёсць, — адказвае Марыя Аўдзеева. — Ёсць спіс, які падрыхтавалі для ўвядзення санкцый, чакаем, што ён будзе ратыфікаваны. І я вельмі спадзяюся, што Украіна ў хуткім часе далучыцца да тых санкцый, якія ўвёў Еўрасаюз і ЗША.
Цалкам відавочна, што нейкія выдаткі будуць, у тым ліку эканамічныя. Да іх трэба быць гатовымі. Але ёсць сітуацыя, калі трэба выбіраць, што для цябе важней: эканоміка ці падтрымка народа, падтрымка прынцыпаў і зрынанне дыктатуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.