У Ваўкавыску ўжо 12 выпадкаў адзёру
У Ваўкавыску лабараторна пацвердзілі 12 выпадкаў адзёру. Па стане на пятніцу ў лякарні з клінічнымі праявамі захворвання знаходзіліся трое дарослых і трое дзяцей. Яшчэ шэсць чалавек, якім раней паставілі такі дыягназ, ужо цалкам вылекаваліся. Тым часам 30 асобаў знаходзіцца пад назіраннем медыкаў для выключэння або пацвярджэння хваробы. Захворванне праходзіць у сярэдняй або лёгкай форме, піша газета “Рэспубліка”.
У горадзе адкрыты дадатковы пункт, дзе можна зрабіць прышчэпку, ён працуе з 8.00 да 20.00. Жыхары Ваўкавыска масава вакцынуюцца, бо ўлічваюць, што практычна ўсе захварэлыя не былі прышчэпленыя. Усяго вакцыну зрабілі 1018 “кантактным” асобам. Медыкі працягваюць выяўляць імаверныя ачагі лакалізацыі захворвання, складаюць спісы дарослых і дзяцей, якія не маюць картак прышчэпак, а таксама тых, хто мог кантактаваць з захварэлымі і іх атачэннем.
Адзёр — гэта інфекцыя, якая лёгка перадаецца ад чалавека да чалавека. Каб заразіцца, дастаткова пабыць у адным памяшканні з хворым.