У Ваўкавыску зарэгістравана ўжо 20 выпадкаў адру
Лекары зарэгістравалі ў Ваўкавыску ўжо 20 выпадкаў адру. Такую лічбу ў гутарцы агенцтву БЕЛТА назвала намесніца начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
"На сёння ў Ваўкавыску пацверджана 20 выпадкаў захворвання на адзёр. За людзьмі, якія былі ў кантакце з хворымі, вядзецца медыцынскае назіранне. Гэта дазваляе своечасова выявіць захворванне і пачаць лячэнне пацыентаў. Сярод кантактных жыхароў новых выпадкаў адру не выяўлена", — падкрэсліла Карабан.
Па яе словах, большасць выпадкаў захворвання выяўленыя ў тых, хто не быў прышчэплены.
Падтып захворвання, зарэгістраваны ў Ваўкавыску, раней не быў зафіксаваны ў Беларусі. Яго фіксавалі ў розных краінах Еўропы, у тым ліку Украіне. Таму спецыялісты мяркуюць, што вірус быў завезены з нейкай еўрапейскай краіны.
Прадстаўніца Мінздароўя падкрэсліла, што адзіны навукова даказаны спосаб прафілактыкі захворвання — прышчэпка. Яе варта зрабіць найперш тым, хто часта выязджае за мяжу.
У Ваўкавыску адкрылі дадатковы прышчэпачны пункт, які працуе з 8.00 да 20.00.