У Ветцы будуць судзіць дырэктара дома састарэлых за афёру з грашмі на"пахаванне"
Жыхароў дома састарэлых хаваюць за кошт сродкаў з бюджэту / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
У Ветцы будуць судзіць былога дырэктара дома-інтэрната для інвалідаў і састарэлых, паведамляе гомельская міліцыя. Яго падазраюць у карупцыі. На працягу трох гадоў з падачы дырэктара мясцовы медык і прадпрымальнік, які займаўся пахаваннем, падшуквалі "сваякоў" памерлым пастаяльцам. Гэтыя "сваякі" атрымлівалі дапамогу на пахаванне. Папярэдне ім прыдумлялі ступень сваяцтва, збіралі неабходны набор дакументаў.
"Некаторых грамадзянаў па гэтай схеме выкарыстоўвалі па некалькі разоў. Такім чынам, дзяржаве быў нанесены ўрон амаль на 13 тысяч рублёў", кажуць у гомельскай міліцыі.
Там таксама нагадалі, што ў выпадку смерці пастаяльца хаваць яго павінна адміністрацыя дома састарэлых за кошт сродкаў, якія вылучаюцца з бюджэту. На што і куды ішлі грошы, якія атрымліваліся ў якасці дапамогі на пахаванне, у міліцыі не ўдакладнілі. Вядома толькі, што справу супраць дырэктара завялі па факце перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.