У Віцебскай вобласці пачынаюць ацяпляльны сезон
У Віцебскай вобласці з 5 кастрычніка пачынаецца ацяпляльны сезон — батарэі запрацуюць у школах, дзіцячых садках, лякарнях і на іншых сацыяльных аб’ектах. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.
Пры гэтым мяркуецца, што ў выпадку павышэння тэмпературы паветра падачу цяпла зменшаць або зусім адключаць. Зрэшты, прагнозы сіноптыкаў не абяцаюць новай хвалі пацяплення: да канца тыдня ў паўночных раёнах краіны ўдзене будзе не болей за +10. Таму існуе высокая верагоднасць, што пасля ўключэння цяпла на сацыяльных аб’ектах, яго пачнуць падаваць і ў жылы фонд.
Паводле існуючых нарматываў, камунальныя службы могуць разглядаць пытанне аб уключэнні ацяплення на сацыяльных аб’ектах, калі сярэднесутачная тэмпература паветра цягам пяці дзён не перавышае +10 градусаў. Для жылога фонда іншыя нарматывы — сярэднесутачная тэмпература цягам пяці дзён меней за +8 градусаў.
Тым часам сіноптыкі абвясцілі на сёння аранжавы ўзровень бяспекі з-за моцнага ветру. Чакаецца, што яго парывы дасягнуць 15-20 метраў за секунду. Таксама на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, прычым на поўдні краіны яны будуць моцныя. Тэмпература паветра сёння ўдзень не перавысіць +16 градусаў на паўднёвым усходзе, агулам па Беларусі будзе 9-14 вышэй за нуль.