У Віцебску асудзілі жанчыну за тое, што яна зняла са сцяны партрэт Лукашэнкі

Алена Кустава пасля суду / viciebskspring.org
Алена Кустава пасля суду / viciebskspring.org

Кухара Віцебскай абласной бальніцы Алену Куставу аштрафавалі за тое, што яна зняла са сцяны ў інтэрнаце партрэт Аляксандра Лукашэнкі, дастала з рамкі фатаграфію, на падкладцы рамкі напісала "3%", і павесіла яе на месца.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі. У якасьці пакарання ёй выпісалі штраф у 216 рублёў, паведамляюць віцебскія праваабаронцы.

У пратаколе, які зачыталі ў судзе, было напісана, што Алена Кустава 23 лістапада ў холе інтэрната "наўмысна, з хуліганскіх меркаванняў" зняла са сцяны партрэт Аляксандра Лукашэнкі, забрала ў свой пакой і "выразала" з рамкі. Кустава кажа, што партрэт яна не "выразала", а "дастала і акуратна склала". А "3%" напісала, таму што менавіта столькі ёй з двума дзецьмі застаецца на жыццё пасля ўсіх выплат з заробку.

"Я неаднаразова прасіла загадчыцу інтэрната прыбраць партрэт Лукашэнкі. Бо пасля выбараў грамадства раскалолася", — казала на судзе Алена Кустава.

Кустава не прызнала сябе вінаватай і па другім пратаколе — аб непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі. У пратаколе гаварылася, што на наступны дзень 24 лістапада жанчына нібыта "размахвала рукамі і хапала інспектара (па справах непаўналетніх) за форменнае абмундзіраванне". Алена Кустава патлумачыла, што ў той дзень яе прыехалі затрымліваць за інцыдэнт з партрэтам Лукашэнкі, а інспектар павінен быў перадаць двух яе непаўналетніх дачок бабулі. Але ў адной з дзяўчынак ад страху пачалася істэрыка. Алена хацела супакоіць дзяцей, але яе сілай вывелі з пакоя і забралі ў аддзяленне міліцыі.

Суддзя Андрэй Шыдлоўскі прызнаў Алену Куставу вінаватай па абодвух пратаколах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі