У Віцебску пачаўся суд па справе святара-“суценёра” з Расіі
25 кастрычніка ў Віцебску пачаўся суд па справе святара-“суценёра” з Расіі. Ён праходзіць у закрытым рэжыме. Справу расіяніна разглядае суд Чыгуначнага раёна Віцебска. 39-гадовага Мікалая Кірэева абвінавачваюць у замаху на арганізацыю і выкарыстанне занятку прастытуцыяй іншымі асобамі, якія спалучаныя з вывазам за мяжу асоб для заняткаў прастытуцыяй (пры гэтым злачынства не было даведзенае да канца).
Як інфармавала Еўрарадыё, сёлета святар праз інтэрнэт пазнаёміўся двума жыхаркамі Віцебска і прапанаваў ім пераехаць у Санкт-Пецярбург для заняткаў прастытуцыяй. Калі яны пагадзіліся, ён прыехаў за імі ў Беларусь. Падчас пасадкі на аўтобус у Расію Кірэева затрымалі. Пазней стала вядома, што раней ён вёў перапіску з беларускамі з іншых рэгіёнаў краіны і арганізоўваў іх вярбоўку пры дапамозе 19-гадовай грамадзянкі Таджыкістана (яе затрымалі, яна адбывае пакаранне ў нашай краіне).