У Віцебску страйкуюць прадпрымальнікі
На ўсіх кірмашах горада значная частка гандлёвых месцаў пустуе. Прадпрымальнікі праводзяць "аднадзённае папераджальнае спыненне працы".
Яны пратэстуюць супраць патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюзу. Прадпрымальнікі лічаць яго чарговым вымаганнем грошай у дзяржаўны бюджэт, паведамляе Радыё "Свабода".
Тэхнічны рэгламэнт Мытнага саюза прадугледжвае, што прадпрымальнікі павінны дакументальна пацвярджаць якасць тавараў. У тым ліку тых, што ўвозяцца ў Беларусь з Расіі, хоць гэта адзіная мытная прастора.
Каб атрымаць неабходныя дакументы, трэба або пацвердзіць расійскую сертыфікацыю якасці, або аддаць частку тавару на адмысловую экспертызу. Віцебскія прадпрымальнікі палічылі, што дакументы пра адпаведнасць тэхнічнаму рэгламенту будуць каштаваць ад 40 да 70 мільёнаў для кожнага — у залежнасці ад разнастайнасці асартымэнту. Адзіная мажлівасьць эканоміць — гэта "звузіць" асартымент, што таксама закране інтарэсы пакупнікоў.
Гэты рэгламэнт павінен быў набыць моц яшчэ з 1 студзеня 2013 года. Але пасля мінулай хвалі незадавальнення была прадстаўлена адтэрміноўка — да 1 ліпеня. Але прадпрымальнікі хочуць не новай адтэрміноўкі, а перагляду ўмоваў тэхнічнага рэгламенту.
Фота — svaboda.org