У Вільні невядомыя разграмілі магілу беларуса-каліноўца
Полк Каліноўскага, ілюстрацыйнае фота
На магіле беларускага добраахвотніка Аляксандра Царука ў Вільні невядомыя разбілі партрэт і перавярнулі знічы. Пра гэта расказала дачка беларуса Вольга.
На жаль, гэта не першы выпадак, калі ў Вільні адбываюцца прыкрыя здарэнні ў месцах, звязаных з беларускімі палітуцекачамі. Беларускія і літоўскія палітыкі заяўлялі, што за такімі дзеяннямі стаяць спецслужбы Лукашэнкі і Пуціна.
"На магіле разарваны сцяг, проста адарваны ад флагштока. Разбіты партрэт, перавернутыя лампады. На суседніх магілах нічога падобнага няма, таму мы ўпэўненыя, што гэта не вецер", — перадае "Медыязона" словы Вольгі.
Дзяўчына падала заяву ў паліцыю наконт гэтага інцыдэнта.
Аляксандр Царук удзельнічаў у пратэстах і пакінуў Беларусь пасля 2020 года пад палітычным ціскам. Пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ваяваў добраахвотнікам у складзе палка Каліноўскага. Увесну 2022-га вярнуўся з вайны праз праблемы са здароўем. Падчас абследавання ў яго выявілі злаякасную пухліну. У красавіку 2024-га мужчына памёр і быў пахаваны ў Вільні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.