У затрыманага на пратэстах акцёра — траўма пазваночніка

Илля Ясінскі / www.rtbd.by
Илля Ясінскі / www.rtbd.by

Іллю Ясінскага, акцёра Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і выканаўцу ролі Вацлава Ластоўскага ў фільме "Купала", затрымалі днём у нядзелю 15 лістапада. Прывезлі ў Маскоўскае РУУС, а адтуль — у бальніцу, дзе медыкі дыягнаставалі ў яго траўму пазваночніка.

Яго білі, распавёў Ілля выданню "Наша Ніва". Спачатку — у мікрааўтобусе, затым у аўтазаку. На пытанне "чаму менавіта яго" адказу ў яго няма, выказаў здагадку, што гэта такая "беларуская латарэя". З каля 60 затрыманых, якіх ён бачыў у РУУС, збітых было няшмат, усяго пару чалавек.

"У мяне пачала хварэць паясніца. Я ледзь хадзіў, міліцыянты трымалі пад руку", — аднаўляе ён ход падзей.

Супрацоўнікі РУУС, па яго назіраннях, выглядалі стомленымі ад бясконцага складання пратаколаў, перыядычна пыталіся ў затрыманых, калі яны ўжо перастануць хадзіць.

 З РУУС у бальніцу хуткая разам з Іллёй забрала яшчэ аднаго мужчыну. Іх суправаджаў канвой.

 "На каталцы мяне вазіў супрацоўнік РУУС", — распавядае Ілля.

 Дактары дыягнаставалі ў яго пераломы адросткаў двух пазванкоў і пакінулі на 5-7 дзён у бальніцы. Акрамя таго, у яго гематомы на нагах.

 У панядзелак 16 лістапада ён павінен быў граць у спектаклі РТБД "Кар'ера доктара Раўса". Прадстаўленне прайшло без яго, але ў тэатры заявілі, што граюць гэты спектакль у падтрымку свайго акцёра.

 На пратэстах 15 лістапада ў Беларусі было затрымана, паводле звестак праваабаронцаў, больш за 1100 чалавек. Пра збіццё ў бусе распавядаў і іншы затрыманы ў нядзелю — гендырэктар маскоўскага выдавецтва "Время" Барыс Пастэрнак. У міліцэйскім мікрааўтобусе на яго зверху паклалі яшчэ траіх чалавек. Тым, хто быў зверху, "дасталося і кулакамі, і дубінкамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі