У жахлівым ДТЗ у Жыткавіцкім раёне загінулі трое чалавек
У нядзелю, 3 снежня, каля 14-й гадзіны ў жахлівым дарожна-транспартным здарэнні ў Жыткавіцкім раёне загінулі трое чалавек. На сёмым кіламетры аўтадарогі Чэрнічы — Горка вадзіцель аўтамабіля Mercedes-Benz S350 не саўладаў з кіраваннем і легкавік апынуўся ў кювеце, дзе сутыкнуўся з дрэвам ды перакуліўся.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава, на месцы ДТЗ ад атрыманых траўмаў памерлі два чалавекі — жыхары вёскі Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Аднаму з іх было 18 гадоў, іншаму — 29. Іх 18-гадовы аднавясковец, уладальнік легкавіка, у той жа дзень памёр у жыткавіцкай бальніцы.
Па факце дарожна-транспартнага здарэння распачатая крымінальная справа, артыкул — "парушэнне правіл дарожнага руху ці эксплуатацыім транспартных сродкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць двух ці больш асоб" (ч. 3 арт. 317 КК). Прызначаны экспертызы. Следства высвятляе, хто з загінулых кіраваў аўтамабілем. Пасведчанне кіроўцы ўладальнік аўто не меў, але мелі іншыя двое маладых людзей.