У жаночай прымяральні ЦУМа заўважылі камеру відэаназірання
У сацсетках з’явіўся здымак відэакамеры, якая назірае за жаночай прымяральняй ЦУМа ў Мінску. Фота зробленае проста з кабінкі прымяральні, над якой вісіць камера відэаназірання.
“Так, мы ўжо пабачылі ў інтэрнэце. Проста цяпер інспектар па бяспецы абследуе будынак крамы, каб знайсці, у якім месцы быў зроблены здымак. Ні пацвердзіць, ні абвергнуць гэтую інфармацыю я не магу”, — адказалі Еўрарадыё ў ЦУМе на просьбу пракаментаваць сітуацыю.
Праз некалькі гадзін (відаць, увесь гэты час шукалі камеру) ізноў датэлефаноўваемся ў аддзеле гандлю ЦУМа. Нам адказваюць эмацыйна:
— Гэта ўсё такая лухта, нават не ведаю, адкуль вы даведаліся пра гэта! Нейкі ідыёт выклаў старыя здымкі, так што не кажыце тут глупства!
— То бок усё добра?
— Добра.
— Дык а ў чым была праблема?
— Ні ў чым!
— Гэта проста старая фатаграфія?
— Досыць. Прычым зробленая не для асабістага карыстання.
— Выбачайце, а гэта як?
— Значыць, нехта з супрацоўнікаў у працэсе рэканструкцыі зрабіў гэты здымак. Калі гэта было — невядома. Можа, і тры гады таму, калі гэтая рэканструкцыя была.
— Цяпер гэтай камеры над прымяральняй няма?
— Ні цяпер, ні год таму і не два, і ніколі такога не было! У вас недакладная інфармацыя, так што перавярайце свае крыніцы.