У жылым доме Магілёва абрынуўся гаўбец
На шчасце, ніхто не пацярпеў. Жыхароў кватэры ў гэты момант як раз не было дома.
Як перадае тэлеканал СТВ са словаў мясцовых жыхароў, трохпавярхоўка была пабудаваная ў 1953 годзе і ні разу не бачыла капрамонту.
Па збегу акалічнасцяў на вуліцы Піянерскай, дзе знаходзіцца злашчасны дом, якраз ідзе рамонт. Нядаўна тратуар практычна цалкам перакрылі, каб людзі абыходзілі месца працы. А для праходу ў краму пакінулі вузкую дарожку — якраз на яе і абрынуўся гаўбец.
Дарэчы, жыхары трохпавярховіка на Піянерскай цяпер на гаўбцы нават не выходзяць. А пасля здарэння ў гэтым доме пачалі зразаць усе гаўбцы. Па словах камунальнікаў, капрамонт у доме быў запланаваны на бліжэйшы час і жыхарам выдаваліся прадпісанні не выходзіць на гаўбец. Аднак хадзіць пад імі ніхто не забараняў.
Нагадаем, што ў мінулым месяцы гаўбец зваліўся ў Слоніме на Гродзеншчыне. Разам з бетоннай грудай звалілася на асфальт з трэцяга паверху і жыхарка-пенсіянерка. Жанчына загінула. А крыху раней абваліліся два гаўбцы па вуліцы Купрыянава ў Мінску.
Фота — ctv.by