У жыроўцы з’явіцца дадатковы радок ― з налічэннем па “дармаедскіх тарыфах”
Сям’і, дзе, паводле прэзідэнцкага дэкрэта, будзе дармаед, звесткі па камунальных плацяжах па-ранейшаму будуць прыходзіць у адной “жыроўцы”. Проста там з’явіцца дадатковы “дармаедскі” радок. Пра гэта падчас прамой тэлефоннай лініі заявіў Еўрарадыё першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч.
“Калі па выніку фармавання базы дадзеных вы патрапіце ў спісы (не занятых у эканоміцы. ― Еўрарадыё), то са студзеня 2019 года падагрэў вады будзеце аплачваць па павышаных тарыфах. У сваёй прапорцыі. Калі ў кватэры некалькі чалавек прапісана, да прыкладу, трое, то адну траціну ад гэтага. Не за ўвесь аб’ём ― павышаны тарыф будзе прымяняцца ў дачыненні да адной траціны ад аказанай паслугі. Калі з ім пражывае яшчэ адзін такі ж чалавек, то ― дзве траціны, адпаведна”.
Еўрарадыё: Будзе прыходзіць дзве “жыроўкі”?
Андрэй Лабовіч: Відаць адна, але, хутчэй за ўсё, там будзе асобны радок. Не ведаю, як гэта ЖКГ будзе афармляць. Але вы ўбачыце, што ў дачыненні да аб’ёму спажытай вады і спажытых на яе падагрэў гігакалорый адна траціна ад гэтага аб’ёму будзе па іншым тарыфе выстаўленая. Відаць, будзе яшчэ адзін дадатковы радок у жыроўцы.
На заўвагу, што хутка мы ўсе і так будзем плаціць 100% за камунальныя паслугі, Андрэй Лабовіч нагадвае: аплачваць напоўніцу ацяпленне і падагрэў вады беларусы будуць не раней за 2025 год, а цяпер аплачваем толькі 20% ад затрат, што ідуць на гэтую паслугу. Таму, маўляў, сэнс у такім рашэнні ўладаў адносна “дармаедаў” ёсць.