У ЗША памерла вядомая аўтарка коміксаў, дачка эмігрантаў з Беларусі
Трына Робінс
У ЗША ў Сан-Францыска памерла вядомая аўтарка коміксаў Трына Робінс, якая "вырасла ў Нью-Ёрку ў сціплай яўрэйскай сям'і ўраджэнцаў Беларусі", піша фрацузскае выданне Le Monde. Ёй было 85 гадоў.
Трына нарадзілася ў 1938 годзе. Яе бацька Макс працаваў краўцом, маці Бэсі — настаўніцай у школе. У Беларусі ў іх, беларускіх яўрэяў, было прозвішча Перачуднік, а па прыбыцці ў ЗША яны сталі Перлсан. Трына Робінс прызнавалася, што не любіць гэтае прозвішча.
Трына з дзяцінства захапілася коміксамі, была зачараваная іх героямі. Пасля было захапленне навуковай фантастыкай. Пасля пераезду ў 1960-м у Каліфорнію Трына Робінс стала стылістам-самавукам, апранала вядомых музыкаў, сябравала з Джымам Морысанам.
У 1966 годзе яна вярнулася ў Нью-Ёрк, каб адкрыць буцік адзення. Тады і пачала публікаваць коміксы. І з часам стала вядомай амерыканскай карыкатурысткай. Яна была адной з першых удзельніц "андэграўнднага руху коміксаў" і адной з першых жанчын у ім. Яе называюць "гісторыкам фемінізму". У адным з інтэрв'ю расказвала, што на пачатку сваёй кар'еры сутыкалася з сексізмам з боку іншых карыкатурыстаў. Але выдаўцы прыхільна ставіліся да яе творчасці і друкавалі яе працы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.