У ЗША суд дазволіў мігрантам не выконваць указ прэзідэнта Трампа
Федэральны акруговы суд у Нью-Йорку наклаў часовую забарону на высылку мігрантаў з актуальнымі амерыканскімі візамі з аэрапортаў ЗША, нягледзячы на ўказ прэзідэнта Дональда Трампа. Суддзя Эн Донэлі задаволіла пазоў Амерыканскага саюза абароны грамадзянскіх свабод.
У пятніцу выйшаў указ, паводле якога ЗША спынілі прыём сірыйскіх бежанцаў і замарозілі на 120 дзён праграму прыёму бежанцаў з іншых краін, каб не дапусціць у краіну “радыкальных мусульманскіх тэрарыстаў”. З дакумента вынікала, што грамадзяне Ірака, Ірана, Йемена, Лівіі, Сірыі, Самалі і Судана павінны адмовіцца ад прыезду ў Амерыку, калі ў іх няма віду на жыхарства або дыпламатычнай візы.
Пад указ трапіла да 200 чалавек. Двое іракцаў з аформленымі візамі, якія прыляцелі атрымліваць прытулак, былі затрыманыя ў аэрапорце.
У суботу ў аэрапорце імя Джона Кенедзі ў Нью-Йорку прайшла акцыя пратэсту супраць указу Трампа. На плакатах пратэстоўцаў былі напісаныя вітанні ў адрас мусульман, а таксама патрабаванні пусціць іх у краіну.