У ЗША знайшлі дзённік паплечніка Гітлера
Запісы Альфрэда Розенберга, які падчас вайны быў рэйхсміністрам усходніх акупаваных тэрыторый, зніклі ў першыя паваенныя гады.
Даследчыкі знайшлі дзённік у ЗША. Ён утрымлівае запісы ад 1936-га да 1944 года. У ім ёсць звесткі пра рознагалоссі ў кіраўніцтве нацысцкай Нямеччыны, некаторыя дэталі акупацыі тэрыторыі Савецкага Саюза.
Адзначым, што Розенберг таксама ачольваў і знешнепалітычнае ведамства нацысцкай партыі. Пасля заканчэння вайны яго арыштавалі англічане. Міжнародны вайсковы трыбунал у Нюрнбергу прызнаў Розенберга адным з галоўных вайсковых злачынцаў і прысудзіў яго да смяротнай кары. Альфрэда Розенберга павесілі 16 кастрычніка 1946 года.
Падчас трыбунала дзённік выкарыстоўваўся ў якасці доказу, а пасля суда знік. Мяркуецца, што яго мог вывезці ў ЗША абвінаваўца з амерыканскага боку Роберт Кэмплер. Толькі пасля смерці гэтага чалавека дакумент патрапіў у музей Халакоста.
Фота — ria.ru