Удаве паэта Рыгора Барадуліна адключылі святло. У яе запазычанасць 917 рублёў
Жонка Рыгора Барадуліна — Валянціна, апынулася ў цяжкай сітуацыі. У яе запазычанасць за святло — 917 рублёў, з-за чаго святло ў кватэры адключылі. Cтановішча ўскладняе тое, што ў кватэры стаіць электрапліта і жанчына не можа нават прыгатаваць сабе ежу.
Зараз актывісты збіраюць грошы на дапамогу жанчыне і пагашэнне запазычанасці. Усё ж такі Валянціна Барадуліна толькі нядаўна справіла сваё 80-годдзе, і ўжо пяць гадоў, як сышоў яе муж.
Знаёмая Валянціны Барадулінай — Эла Гарэцкая — гэтыя дні носіць Валянціне Міхайлаўне гарачую ежу і ўсяляк дапамагае. Яна ж каардынуе сітуацыю з запазычанасцю і кантактуе з "Энергазбытам":
“Спадарыня Валянціна сябе дрэнна адчувае. Яна фактычна чатыры гады сядзіць дома, амаль нікуды не выходзіць. Прычыны ў першую чаргу медычныя і псіхалагічныя. Пасля смерці свайго мужа [ён памёр у сакавіку 2014-га] яна перажывае вялікі смутак”, — распавяла Еўрарадыё Эла Гарэцкая.
Запазычанасць у 917 рублёў збіралася не адзін год. Нават калі лічыць, што ў месяц яна павінна плаціць 20 рублёў за святло, то вынікае, што за яго не плацілі амаль чатыры гады. Па словах Элы Гарэцкай, усе платы па камунальных паслугах выконвала ўнучка Валянціны і Рыгора Барадуліных — Дамініка:
“Яна знаходзіцца ў дэкрэце, даглядае 2,5-гадовае дзіця. Фактычна маладая мама, мае турботы па доглядзе дзіцяці. Маладая, нявопытная, глядзіць дзіця і мужа. Можа, нешта ўпусціла. Мы не павінны ўдавацца ў крытыку маладой жанчыны. Найперш трэба дапамагчы Валянціне Міхайлаўне”, — тлумачыць Эла Гарэцкая.
Журналіст Глеб Лабадзенка ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку прапанаваў заплаціць любому ахвочаму за святло не ўстаючы з канапы:
“Можна аплаціць праз АРІП (без увядзення паказанняў) па такой схеме: выбіраеце Сістэму "Разлік" (АРІП) — Камунальныя плацяжы — Электра-цеплазабеспячэнне — Мінск — Мінскае МРО — Эл. энергія (плацеж без базы) — Увесці асабісты рахунак 451831132 — Праверце даныя абанента — Увесці суму — Аплаціць”.
Абнаўленне: "Энергазбыт" павінен заўтра вярнуць святло Валянціне Барадулінай
Глеб Лабадзенка распавёў Еўрарадыё, што ён ужо паспеў схадзіць у "Энергазбыт" і напісаць заяву на імя начальніка, каб Валянціне Барадулінай уключылі святло:
“Заўтра святло павінны ўключыць, але трэба паказаць чэкі аб аплаце. Таму што ў нашай IT-краіне ў "Энергазбыце" могуць убачыць змены рахунку толькі праз пяць дзён. Па наяўных у мяне квітанцыях ужо можна дакладна сказаць, што палова сумы аплачана. Але я ўпэўнены, што ўжо аплачана ўся запазычанасць”.