"Угоншчык" самалёта “Белавіі” паведаміў, што запіску пісаў не ён

Больш за месяц мінула з таго часу, як грузінскага будаўніка Гелу Сахелашвілі затрымалі за запіску пра ўгон самалёта. Але ні сваякі, ні грузінскія дыпламаты з абвінавачаным так і не пабачыліся.

“Мы яго пакуль не наведалі, паколькі не атрымлівалі афіцыйнага дазволу з ім сустрэцца, ― распавядае першы сакратар пасольства Грузіі ў Беларусі Анзор Меладзэ. — У канцы месяца адбудзецца пасяджэнне экспертнай камісіі, якая вывучае псіхічны стан Гелы Сахелашвілі”.

Камандзір захопленага экіпажа: "Запіска была напісаная лацінскімі літарамі"

Паразмаўляць з абвінавачаным пакуль змог толькі беларускі адвакат. Некаторыя звесткі ён перадаў жонцы.

“Адвакат сказаў, што дакладных доказаў, якія б сведчылі што гэта зрабіў менавіта Гела, няма, — пераказвае для Еўрарадыё размову з юрыстам Ія Тварадзэ, сваячка Гелы Сахелашвілі. Размаўляць з жонкай Інгай няпроста, ні рускай, ні англійскай мовы яна не ведае. — Ён быў у псіхіятрычнай клініцы. Дакумент, які быў перададзены пілоту, як сказаў Гела, напісаў іншы. Ён быў вельмі п’яны і таму нічога не памятае. Яшчэ Гела сказаў, што вельмі сумуе па сваяках”.

Нагадаем, 10 чэрвеня камандзіру экіпажа “Кутаісі-Мінск” Аляксандру Букрэеву перадалі запіску. Як паведаміў Еўрарадыё сам пілот, у ёй “лацінскімі літарамі па-англійску” зламыснік патрабаваў ляцець у Заходнюю Еўропу. Сваякі ж сцвярджаюць, што Гела не ведае англійскую мову.

Тым не менш, самалёт прызямліўся ў нашым Нацыянальным аэрапорце. У выніку спецслужбы вывелі з салона п’янага Гелу без зброі ці нейкіх муляжоў выбухоўкі. Пры гэтым, як распавёў камандзір экіпажа, пасажыры пра пагрозу так і не даведаліся.

Гелу Сахелашвілі абвінавацілі ў спробе ўгону паветранага судна. Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Аказалася, што Гела ніколі не быў судзімы. У Мінск ён ляцеў, каб уладкавацца будаўніком і падзарабіць на лячэнне хворых жонкі і дачкі. Прынамсі, так расказалі ў яго грузінскай сям’і. Не мае Гела і вышэйшай адукацыі, таму версія пра грунтоўную англамоўную запіску з патрабаваннем ляцець у Рым падаецца малаверагоднай. На думку грузінскіх дыпламатаў, іх грамадзянін перапіў і няўдала пажартаваў. А яго не зразумелі.

“Следства працягваецца. Па дадзенай крымінальнай справе праводзіцца шэраг экспертыз, ― паведамляе Еўрарадыё Сяргей Кабаковіч, начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта. ― У тым ліку, комплексная стацыянарная судова-псіхіятрычная і судова-медыцынская экспертыза”.

На пытанне, чаму прадстаўнікі грузінскага пасольства дагэтуль не змаглі пабачыцца з абвінавачаным, Сяргей Кабаковіч адзначае, што Следчы камітэт гатовы даць магчымасць для такой сустрэчы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі