Угоншчык самалёта “Кутаісі-Мінск”: лёс вырашыла адно слова ў запісцы
Гела Сахелашвілі хацеў трапіць у Ватыкан, каб каталікі “нешта змянілі да лепшага” і быў упэўнены, што яго спакойна даставяць у Рым.
Асноўныя экспертызы у межах справы “угоншчыка” самалёта “Белавіі” ўжо праведзеныя, але следства пакуль яшчэ працягваецца. Нагадаем, што ранкам 10 чэрвеня ў Нацыянальным аэрапорце прызямліўся борт “Кутаісі-Мінск”. Туды на перамовы з нецвярозым грузінам адразу ж пабеглі байцы антытэрарыстычнага падраздзялення КДБ. Аказалася, чалавек перадаў камандзіру экіпажа правакацыйную запіску з патрабаваннем ляцець у Рым.
Камандзір захопленага экіпажа: "Запіска была напісана лацінскімі літарамі"
Консул Грузіі Тэймураз Санадзэ наведаў у СІЗА таго самага Гелу Сахелашвілі, які перадаў запіску. І вось што дыпламату стала вядома пра матывы грамадзяніна Грузіі змяніць мэту палёту з Мінска на Рым.
“Раней Сахелашвілі бываў у Заходняй Еўропе, у вельмі многіх краінах. Ён хацеў там застацца, але здарыліся інцыдэнты, ён гэтым быў пакрыўджаны. Таму да яго прыйшла ідэя, сустрэцца ў Ватыкане з прадстаўнікамі каталіцкай царквы, ― кажа Тэймураз Санадзэ. ― Думаў, што яго там паслухаюць і сёе-тое зменяць да лепшага. Ці то ў яго жыцці, ці то ў гэтых краінах. Што канкрэтна яму было патрэбна, я не зразумеў. Так, Сахелашвілі здурыў. Усё было звязанае яшчэ і з тым, што ён быў нападпітку. У той самы дзень і да гэтага таксама. Ва ўсялякім выпадку, на момант, калі ён усё гэта рабіў, думаў, што яго спакойна даставяць у аэрапорт Рыма і высадзяць”.
Па словах дыпламата, Гела Сахелашвілі згодны з тым, як вядзецца следства, і не скардзіцца. Збіраўся “ўгоншчык” напісаць ліст прэзідэнту Беларусі.
“Хацеў папрасіць не памілавання, а прабачэння. Тое, што здарылася, ён разглядае як слабавольнасць. Ён не падумаў, што мог пакрыўдзіць беларускі народ. Мне вядома, што калі ён перадаваў запіску, то папярэдзіў, каб пасажыры пра гэта не даведаліся. І ніхто ні пра што сапраўды не даведаўся”.
Сваячка "ўгоншчыка самалёта": "Ён добры, верыць у Бога"
Еўрарадыё: А што было ў запісцы?
Тэймураз Санадзэ: Адно слова вырашыла ўвесь лёс. Не магу вам яго назваць. Але гэта слова расцанілі як пагрозу. Хоць у звычайным жыцці яно нічога не азначае. Але ў самалёце, у закрытай прасторы такога казаць нельга.
Еўрарадыё: Гэта слова бомба?
Тэймураз Санадзэ: Не-не, якая бомба! Не было гаворкі ні пра выбуховую прыладу, ні пра зброю. Быў намёк на тое, што ён нешта сапсуе. Трэба было службе бяспекі Кутаіскага аэрапорта звярнуць на яго ўвагу. Тое самае мусіла зрабіць старэйшая бортправадніца. Напэўна, яна павінна была заўважыць чалавека, які ў неадэкватным стане заходзіць у салон. Легкадумна да сваіх абавязкаў паставіліся ў Кутаісі, легкадумна паставіліся на борце. Сам Сахелашвілі таксама паставіўся да справы легкадумна. Усім крыўдна, усім смешна, а ён будзе адбываць тэрмін. Дадуць, напэўна, мінімум 5-6 гадоў.
Еўрарадыё: Чаму вы лічыце, што так шмат?
Тэймураз Санадзэ: У яго артыкул за спробу ўгону паветранага судна. Другая частка, бо была пагроза. Калі б пагрозы не было, яго б абвінавацілі па частцы 1 ці судзілі за хуліганства. Знешне ён мужык здаровы, але з гумарам. У Кутаісі жывуць вялікія гумарысты. Ён не злачынца, разумееце? Усім крыўдна. Усе з сімпатыяй да яго ставяцца. Усе спачуваюць, што ў такую дурную сітуацыю чалавек трапіў. Але палёгкі яму не будзе, ён замежны грамадзянін. Хоць, зразумела, у яго шмат станоўчых дакументальна зафіксаваных характарыстык. Можа быць, суддзя ўлічыць гэта.
Еўрарадыё звязалася і з Тэржалой, дзе жывуць сваякі Гелы Сахелашвілі. Блізкія ужо змірыліся з думкай, што турмы ён не пазбегне. Яны выслалі ў Мінск медыцынскія дакументы і вераць, што паперы могуць паспрыяць скарачэнню тэрміну зняволення Гелы.