Консул Грузіі дагэтуль не можа сустрэцца з “угоншчыкам” самалёта Белавіі

Калі б ён быў на цвярозую галаву, наўрад ці зрабіў бы такое. А піў ён шмат і неаднаразова, і ў аэрапорце піў. Гэта дакладна. Гэта пацвярджаюць сваякі і сябры. Я шмат з кім на гэтую тэму асабіста размаўляў, — выказваецца консул Грузіі ў Беларусі Тэймураз Санадзэ наконт здарэння на борце беларускага пасажырскага самалёта.

Нагадаем, што раніцай 10 чэрвеня байцы контртэрарыстычнага падраздзялення заходзілі на борт авіялайнера “Кутаісі-Мінск”, каб нейтралізаваць імавернага тэрарыста. Ім аказаўся грамадзянін Грузіі, які напісаў запіску пілоту з патрабаваннем ляцець у Рым.

Камандзір захопленага экіпажа: "Запіска была напісана лацінскімі літарамі"

Следства па справе Гелы Сахелашвілі, якога падазраюць у спробе ўгону самалёта, КДБ перадаў Следчаму камітэту. Ведамства высвятляе ўсе акалічнасці. Канкрэтныя абвінавачанні могуць быць вынесеныя грузіну ў канцы тыдня — у пятніцу, 20 чэрвеня.

У КДБ Еўрарадыё паведамілі, што ад самага моманту затрымання Гела атрымаў адваката.

“Мы самі нічога не ведаем, хоць у Грузіі ўсе тэлеканалы пра гэта кажуць. Ведаем толькі, што нейкая новая інфармацыя з’явіцца праз дзесяць дзён”, — кажа Ія Тварадзэ, сваячка “ўгоншчыка самалёта”.

Сваячка "ўгоншчыка самалёта": "Мы ў шоку ад навіны. Ён добры, верыць у Бога..."

“З першага дня яму быў дадзены адвакат і перакладчык, які працуе падчас правядзення следчых дзеянняў, — працягвае консул Грузіі Тэймураз Санадзэ. — Працуе адвакат за кошт беларускай дзяржавы. Абараняць можа выключна грамадзянін вашай краіны. Замежны адвакат можа быць толькі памочнікам у мясцовага”.

Консул дадае, што пакуль сустрэцца з падазраваным магчымасці не было.

Тэймураз Санадзэ: “Я чакаю дазволу на сустрэчу. Мы адправілі ноту ў МЗС. Пакуль не будзе адказу і дазволу, я сам не магу з ім пабачыцца. Але, напэўна, Гела шкадуе пра тое, што атрымалася. Выйшла так, відаць праз глупства. Кожны ведае, што цяпер самалёт угнаць можна, а пакарання ўнікнуць немагчыма. Любая краіна сёння выдасць угоншчыка, у яго няма ніякіх шанцаў. Калі ёсць імаверная пагроза, ніхто не будзе гэтаму замінаць. А што будзе потым? Таму самалёты ніхто не ўганяе. Гэтая эра прайшла ў 90-х. Па-мойму, у Гелы гэтага і ў думках не было. Напэўна, няўдала пажартаваў на п’яную галаву і потым працягваў гэтую тэму да канца падтрымліваць...”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі