Угоншчык мінскага самалёта вярнуўся з беларускай турмы дадому ў Грузію
На днях дадому ў Грузію вярнуўся грузін Гела Сахелашвілі, асуджаны за спробу ўгону самалёта "Белавіі", піша "Комсомольская правда".
Нагадаем, што здарэнне адбылося на пачатку лета 2014 года. 43-гадовы грузін паехаў у Беларусь, каб зарабіць грошы на аперацыю жонцы, якая мае праблемы з сэрцам. Для смеласці мужчына выпіў перад падарожжам. А напрыканцы палёту нецвярозы грузін перадаў пілоту запіску з патрабаваннем ляцець у Рым, іначай ён узарве самалёт. Поытм ён перадумаў і назваў іншы горад.
Аднак пілоты пасадзілі самалёт у Мінску, дзе няўдалага "тэрарыста" абясшкодзілі спецслужбы.
Сваякі Сахелашвілі даведаліся пра захоп самалёта з тэленавінаў і не маглі паверыць, што гаворка ідзе пра іх блізкага. Казалі, што гэты мужчына мае добрае сэрца і нікога не крыўдзіў.
"Угоншчыка" самалёта асудзілі на тры гады зняволення. За кратамі ён правёў два з іх, пасля чаго вярнуўся ў Грузію.
Сваякі распавялі журналістам, што мужчына моцна аслабеў і дрэнна спіць. Ён не хоча гаварыць на тэму ўгону і марыць забыцца ўсё, як страшны сон. Сахелашвілі кажа, што ён шкадуе пра тое, што нарабіў.