Школьныя анкеты: як выяўляюць праблемы ў сем'ях і чаму не трэба пужацца
Чаму важныя школьныя анкеты
Псіхалагічнае здароўе дзяцей — важны аспект, які неабходна адсочваць і падтрымліваць. За псіхічным станам дзяцей сочаць іх бацькі, імкнучыся своечасова заўважаць і рэагаваць на магчымыя праблемы. Акрамя таго, гэтым займаюцца школы і школьныя псіхолагі, якія праводзяць анкетаванне сярод вучняў.
Большасць пытанняў здаюцца бяскрыўднымі. Але некаторыя выклікаюць трывогу ў бацькоў — напрыклад, пытанні пра тое, што адбываецца ў сям'і або ці ўжываюць алкаголь сябры.
Акрамя таго, ёсць выпадкі, калі настаўнікі запалохваюць дзяцей, калі тыя не пагаджаліся запаўняць анкеты.
З просьбай патлумачыць сітуацыю і зразумець, ці нармальна задаваць дзецям такія пытанні, Еўрарадыё звярнулася да псіхалагіні Азаліі Аліевай.
"Форма прымусу — гэта не акей"
Экспертка падкрэслівае, што ніхто не мае права прымушаць дзяцей праходзіць такое анкетаванне — гэта заўсёды мусіць быць добраахвотны выбар.
— У Польшчы гэта заўсёды ўзгадняецца з бацькамі, іх папярэджваюць, што будзе такое анкетаванне. Але ў Беларусі, на жаль, такой згоды не патрабуецца. Форма прымусу — гэта не акей. Па сутнасці, у нас усе так робяць: спачатку ціснуць зверху, сярэдняе звяно цісне на тых, хто ўнізе, і гэтак далей.
Але ёсць шмат сем'яў, дзе дзеці жывуць у сацыяльна-небяспечным становішчы, у тым ліку і псіхалагічна небяспечным.
— Натуральна, такія бацькі ніколі не дадуць дазволу, каб нешта там выявілі. На жаль, у нас вельмі шмат бацькоў-агрэсараў, якія прычыняюць дзецям вельмі шмат болю і, якія, натуральна, сябе такімі не лічаць.
Я не бачу ў такой анкеце абсалютна нічога страшнага, але і цудоўна разумею, чаму гэта палохае. Людзей пужае тое, што яны бачаць у сабе, баяцца, што нешта ўскрыецца або ўсе пра штосьці даведаюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.