Указ прэзідэнта можа замяніць продаж акцыяў прадпрыемства на аўкцыёне

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, чаму беларускія прадпрыемствы прадаюцца без аўкцыёнаў. Беларусь пачала распрадаваць сябе. Аднак усе здзелкі – без адкрытых аўкцыёнаў і тэндэраў. У красавіку мінулага года кіраўнік дзяржавы казаў зусім іншае: «Калі і будзе прыватызацыя, яна будзе адкрытай і сумленнай. Ніякай наменклатурнай, кланавай і нядобрасумленнай прыватызацыі ў краіне не будзе».

Але прэзідэнт асабіста прымае будучых уласнікаў тых нашых прадпрыемстваў, што выстаўленыя на продаж. Ніхто не ведае дакладна, як былі прададзеныя акцыі “Мотавелазавода” ці кампаніі “Velcom”. Верагодна, такім жа чынам турэцкім бізнесоўцам будзе прададзеная і мабільная кампанія “Бэст”. З імі кіраўнік дзяржавы таксама сустракаўся асабіста.

Супрацоўніца фонду дзяржмаёмасці Ганна Карніевіч гаворыць Еўрарадыё, што нягледзячы на правілы продажу акцыянерных таварыстваў на аўкцыёнах, прэзідэнт можа сам падпісаць прыватную дамову аб продажы:

“Акцыянерныя таварыствы, створаныя ў працэсе прыватызацыі, гэта нашыя былыя РУПы, якія прыватызаваліся потым па заканадаўстве аб прыватызацыі, рэалізуюцца на аўкцыёнах і конкурсах, калі іншае не вызначана кіраўніком дзяржавы. Усё роўна, па заканадаўстве рашэнне аб продажы акцыяў, якія належаць Рэспубліцы Беларусь, прымае прэзідэнт”.

Еўрарадыё зацікавілася, ці магчыма на аўкцыёнах “набіць” вышэйшую цану. Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў тлумачыць, што ў дзяржавы, як і ў прадпрыемстваў, ёсць свае інтарэсы. І “левым” інвестарам яна прадаваць акцыі прадпрыемстваў не збіраецца:

Міхаіл Кавалёў: “Дзяржава хоча знайсці эфектыўнага ўласніка, а не выпадковага. На аўкцыёне ўсё ж можа перамагчы выпадковы чалавек, які праз два тыдні закрые завод і звольніць усіх”.

Спадар Кавалёў лічыць, што нічога дзіўнага ў такой практыцы няма:

Міхаіл Кавалёў: “Гэта стандартная практыка. Яна прымяняецца ва ўсіх краінах свету. Дзяржава – гэта такі ж уласнік, як прыватнік. І яна сама вырашае, каму што прадаваць”.

Пры гэтым Міхаіл Кавалёў кажа, што нашыя прадпрыемствы паступова становяцца прыдаткам расійскіх сеткавых структураў:

“Тое, што адбываецца на турысцкім рынку, калі ўсе нашыя фірмы літаральна за паўгода сталі практычна крамамі па продажы пуцёвак тэз-тура, тое адбудзецца і на страхавым рынку. Доказ таму тое, што адбылося апошнім часам з “Броллі”, “Альвенай”. Яны сталі фактычна дробнымі аддзяленнямі расійскага аператара. Тое ж стане з крамамі, рэстаранамі…”

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што беларускія акцыянерныя таварыствы прадаюцца замежнікам з дапамогай здзелак толькі таму, што прадпрыемствы нашыя непрыбытковыя. І змагацца на аўкцыёнах за іх ніхто не стане.

Леанід Злотнікаў: “Такія прадпрыемствы цяжка прадаць па аўкцыёнах. Патрэбны стратэгічны інвестар. Гэтыя прадпрыемствы, як правіла, прадаюцца па інвестыцыйнай дамове. То бок, калі інвестар бярэ на сябе абавязак аднавіць вытворчасць, мадэрнізаваць яе, захаваць калектыў, захаваць сацыяльныя льготы і гэтак далей”.

Аднак калі Еўрарадыё нагадала спадару Злотнікаву, што кампанія Velcom не была стратнай, эканаміст палічыў, што тут справа палітычная, а не эканамічная.

Пакуль у Фондзе дзяржмаёмасці ёсць інфармацыя па выстаўленні на аўкцыён толькі двух акцыянерных таварыстваў. Супрацоўніца фонду нават дакладна сама не ведае, пра якія прадпрыемствы ідзе гаворка.

Ганна Карніевіч: “У нас выйшлі два распараджэнні прэзідэнта. Мы будзем арганізоўваць продаж па двух пакетах. Там, па-мойму, Горацкая друкарня і яшчэ нейкае прадпрыемства…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі